Напамін аб духоўнасці

Напамін аб духоўнасці

01 сентября 2011, 08:00
954
У наш, як заўсёды, няпросты час становіцца ўсё больш важна, чым напаўняюцца чалавечыя душы. Калі толькі матэрыяльнымі інтарэсамі, то матэрыяльнага ніколі ўсім не хопіць у дастатковай колькасці і ў нашым грамадстве заўсёды будуць панаваць галеча, голад і сацыяльная несправядлівасць.

Духоўныя ж каштоўнасці, калі яны трывала ўваходзяць у свядомасць людзей, ад маючых уладу да простых працаўнікоў, не толькі ўзвышаюць чалавечыя душы, робяць іх больш шчырымі і сумленнымі, але і значна мінімізуюць матэрыяльныя праблемы. Гэтаму нас вучаць сусветная гісторыя і сусветнае мастацтва.

У Мінску, у выдавецтве Свята-Пятра-Паўлаўскага сабора, выйшаў зборнік хрысціянскай паэзіі “Пад залатым купалам” (складальнік Ядвіга Квяткоўская, рэдактар Га-ліна Каржанеўская). Зборнік складзены з твораў 27-мі аўтараў, сярод якіх наш зямляк з Багданаўкі, пастаянны аўтар “ИП”, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў Мікола Ільючык. У кніжцы змешчаны чатыры яго вершы. Мікола — чалавек, які шчыра верыць у Бога і выконвае Боскія запаветы. Гэтаю вераю прасякнута ўся яго творчасць.

Сярод аўтараў — як самадзейныя паэты, так і прафесійныя творцы. Маюць шырокую вядомасць Веніямін Блажэнны, Людміла Рублеўская, Людміла Сільнова, Віктар Шніп, Галіна Каржанеўская і інш. Духоўная паэзія — неад’емная частка сусветнай паэзіі і культуры наогул. Многія яе ўзоры сталі класікай (напрыклад, лермантаўскае “Выхожу один я на дорогу…”). Вось некаторыя радкі са зборніка “Пад залатым купалам”:

А на Белай Русі — сябры,

А на Белай Русі — буслы,

А на Белай Русі — крыжы,

Для любові няма — мяжы.

Антаніна Цімашкова

Ўсе хочуць браць цяпло і клопат,

Бо на любоў вялікі попыт.

І толькі даць -з праблем праблема.

Няма чаго ці скнары ўсе мы?

Галіна Каржанеўская

Ў жыцці бывае горасна і цяжка,

І праўда засцілае вочы нам.

Пакрыўдзілі цябе — не страшна,

Страшней,як некага пакрыўдзіш сам.

Мікола Ільючык

І кагосьці маё слова сагрэе,

І кагосьці мая лыжка накорміць.

Жыць іначай я ўжо не умею,

Жыць іначай — не варта і помніць…

Людміла Сільнова

Жыву, пакуль душа жывая.

Павел Саковіч

Дададзім напрыканцы, што зборнік прыгожа ілюстраваны, у ім змешчаны фота ўсіх аўтараў. Адным словам, зроблены з душой.