Адплата за любоў

Адплата за любоў

09 сентября 2011, 07:00
1093
Да 120-годдзя Аркадзя Антонавіча Смоліча Я імкнуся, каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў. Аркадзь Смоліч

Быць расстралянымі за шчырую і непахісную любоў да сваёй Айчыны, жаданне ёй свабоды, незалежнасці і заможнасці — такі жудасны лёс напаткаў вельмі многіх сыноў Беларусі. Адным з найвыдатнейшых з іх быў Аркадзь Смоліч. Багатым на падзеі, насычаным і разнастайным было жыццё гэтага чалавека. І на працягу ўсёй сваёй дзейнасці ён заўсёды заставаўся ініцыятыўным і свядомым грамадскім дзеячам, педагогам, вучоным і публіцыстам.

Яго бацька, просты сельскі працаўнік, карыстаўся ў наваколлі вялікай і заслужанай павагай і аўтарытэтам. Але неўзабаве, нечакана для аднавяскоўцаў, ён крута мяняе накірунак сваёй дзейнасці, ідзе служыць псаломшчыкам у суседнюю вялікую вёску Саламерычы. Гэта, безумоўна, паўплывала і на тое, што дзесяцігадовага Аркадзя аддалі спачатку вучыцца ў Мінскае духоўнае вучылішча, а потым — у духоўную семінарыю. Тое было ў віхурным 1905 годзе.

Але праз чатыры гады 18-гадовы Аркадзь упершыню самастойна задумваецца над сваім жыццёвым шляхам і пакідае вучобу ў семінарыі. Яго з маленства моцна прыцягвалі да сябе дзве галоўныя каштоўнасці — навука і свабода. Спачатку ён паступае ў Кіеўскі палітэхнічны інстытут, а потым, пасля блукання па пакутах, рэзка мяняе кірунак адукацыі і пераводзіцца ў Новаалександрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства. Тут сфарміруюцца, як засведчыць час, яго погляды і жыццёвыя пазіцыі.

Аркадзь Смоліч уступае ў Беларускую сацыялістычную Грамаду і роўна на дзесяць гадоў звязвае з ёй свае намеры і памкненні, стаўшы ідэолагам і тэарэтыкам гэтай партыі. У лютым 1910 г. за ўдзел у дэманстрацыі і студэнцкай забастоўцы Смолічу аб’яўляюць вымову, а яшчэ праз восем месяцаў выключаюць з інстытута за “ўдзел у беспарадках”. Як палітычна ненадзейны, ён быў высланы за межы Варшаўскага генерал-губернатарства.

У 1913 г. ён прыязджае ў Мінск, дзе разам з Ф.Ждано-вічам, У.Фальскім і інш. стварае Першую беларускую тэатральную трупу, а потым — Беларускі хор. Аб іх творчасці ведала ўся тагачасная Бацькаўшчына. У час Першай сусветнай вайны Смоліч працаваў у статыстычным бюро, супрацоўнічаў з Таварыствам дапамогі ахярам вайны. У гэты час праявілася яго захапленне фізічнай і эканамічнай геаграфіяй роднай Беларусі. Ягоная “Геаграфія Беларусі”, выдадзеная пазней, у 1919 г., і цяпер застаецца непераўзыдзеным узорам навукова-папулярнага апісання нашай зямлі, захапляе зместам і зачароўвае моваю. Гэты ўнікальны навукова-публіцыстычны твор пераконваў: мы, беларусы, жывем, працуем, дзейнічаем і змагаемся на непаўторнай, непараўнальнай ні з чым старонцы! Смоліч сябраваў з Максімам Багдановічам, погляды якога падзяляў і творчасцю якога быў уражаны.

У вірлівым 1917-м Аркадзь Смоліч наогул апынуўся ў самым эпіцэнтры палітычнага жыцця. У сярэдзіне года Грамада аб’яднала пад сваім сцягам каля пяці тысяч членаў партыі. Сярод лідэраў яе былі Зміцер Жылуновіч, Алесь Гарун, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя дзеячы нацыянальнага Адраджэння. Аркадзь Смоліч стаў рэдактарам партыйнай газеты “Грамада”.

Быў абраны дэпутатам ад Грамады ў Мінскую гарадскую Думу. Кастрычніцкую рэвалюцыю ён прызнаць, вядома ж, не мог, але і яўным яе ворагам стаць не спяшаўся. Партыя ж спачатку раскалолася, а потым сышла з палітычнай арэны. Хаця Смоліч быў абраны віцэ-прэзідэнтам Рады БНР, міністрам асветы ўрада, але ўжо тады ён фактычна адышоў ад палітычнай барацьбы, усё больш скіроўваў свой погляд на навуковую і публіцыстычную працу.

З-пад яго таленавітага пяра выйшла звыш дзесяці кніг, манаграфій і даследаванняў, кожная з якіх і сёння будзіць у сэрцах чытачоў любоў і пашану да роднай зямлі.

У 1929 г. чорныя хмары рэпрэсій пачалі згушчацца. Імя Аркадзя Смоліча з’явілася на старонках газет сярод тых, хто, на думку ўлады, дапускаў памылкі. На наступны год ён быў арыштаваны па справе Саюза вызвалення Беларусі і адбыў пяцігадовую высылку. А ў сумна вядомым 1937-м яго арыштавалі зноў. У чэрвені 1938 г. ён быў расстраляны ў Омскім астрозе.