Авідзіевы ўзвышшы

Авідзіевы ўзвышшы

16 сентября 2011, 07:00
915
Верш, які прапануем увазе чытачоў, сюжэтна заснаваны на паданні пра вядомага антычнага паэта Авідзія, які трапіў на наша Палессе. Аўтар - баранавіцкі паэт Алесь Корнеў (твор быў змешчаны ў яго зборніку “Крыжы зямелькі нашай”, 2004, а пазней перадрукаваны ў кнізе Міхася Маліноўскага “Узаемнасць. Удзячнасць”, 2010).

Паэты павінны салодкай гаворкай
Узносіць, рас-хвальваць і песціць магутных,
А праўды адкрытай, балючай і горкай
Пазбегнуць павінны, хай будзе нячутнай.
Але ўсё ж пачуў і пакрыўдзіўся Цэзар.
Паэта паклікаў. Сказаў, як адрэзаў:
“Пры мне ты спяваў і пры мне быў, Авідзій.
Але надакучыў ужо і абрыдзеў.
Цябе не казню, але прэч выганяю.
Жыць будзеш, ды толькі пакутна і бедна.
З імперыі — прэч! Праплыві па Дунаі,
Яшчэ і далей кроч… І згінь там бясследна”.
Гучала паэтава слова. А вынікі?
Дзе лаўры і пальмы? Віно дзе і фінікі?
Дарога праз горы. Дарога праз стэпы.
Выгнаннік блукае панура і слепа.
Спыніцца, мо, тут, дзе рачулкі і рэкі,
Лясы, верасы, і грыбы, і суніцы?
Яны для душы — як найлепшыя лекі.
І чэрпай паэзію прама з крыніцы.
Упэўніўся ўрэшце зняможаны Публій,
Што край гэты топкі — не страшны, не згубны.
Эх, цэзары! Ведаць наўрад ці маглі вы,
Што кожны тубылец тут вельмі зычлівы.
Санлівыя рэчкі, нізінная роўнядзь,
Напой журавінны і водар яловы…
Таму душы людзям удзячнасцю поўняць —
Гарачыя словы, Авідзія словы.
Авідзій Насон, ты не быў тут сам-насам.
Цябе надзялілі не стромкім Парнасам,
За словы твае, за чароўныя песні
Табе свае ўзвышшы дарыла Палессе.
Кажан-Гарадок, потым Плотніца — вёска…
Відушавы Горы — гісторыі вехі.
Авідзія песні!.. Чуваць адгалоскі…
Блукае ў Палессі ссівелае рэха.