Поспех «Сустрэчы»

Поспех «Сустрэчы»

Ужо больш за 20 гадоў на базе Кажан-Гарадоцкай дзіцячай музычнай школы працуе ансамбль песні і музыкі “Сустрэча”.

Спачатку ён існаваў як мужчынскае трыа, аснову рэпертуара якога складалі беларускія народныя песні ва ўласнай апрацоўцы. З цягам часу “Сустрэча” пачала супрацоўнічаць з мясцовым музыкантам, паэтам і кампазітарам Андрэем Гурбановічам, шмат песень якога ўвайшло ў рэпертуар ансамбля: “Песня аб Кажан-Гарадку”, “Песня аб Прыпяці”, “Паляшучачка” і іншыя. Яго творы напоўнены асаблівай меладычнасцю, душэўнай цеплынёй, любоўю да роднага краю.

Паступова калектыў папаўняўся новымі выканаўцамі, якія ўнеслі ў ансамбль новую творчую хвалю. На сённяшні дзень тут працуюць 5 адораных музыкантаў.

Песні, якія выконвае ансамбль, рознапланавыя. Яны ўключаюць у сябе народныя апрацоўкі, эстрадную музыку. Інструментоўкі, аранжыроўкі для калектыву піша як яго кіраўнік Віктар Валынчыц, так і іншыя ўдзельнікі ансамбля. Народныя песні ў іх выкананні хвалююць, захапляюць кожнага, хто па-сапраўднаму любіць народную песню. Яны напаўняюць сэрцы слухачоў нязведаннай радасцю, абуджаюць лепшыя пачуцці, дастаўляюць велізарную асалоду, жыватворнай крыніцай ўліваюцца ў іх душы.

У выступленнях ансамбля песні і музыкі “Сустрэча” чуецца бездакорная чысціня, дасягнута раўнавага гучнасці галасоў, багацейшымі сталі мастацкія фарбы. Асабліва гэта адчуваецца ў выкананні калектывам беларускіх народных песень, якія здзіўляюць багаццем адценняў, рытмічнай дакладнасцю, дынамічнай насычанасцю.

Калектыў карыстаецца сапраўднай павагай не толькі сярод жыхароў роднай вёскі, але і ўсяго раёна. Добра вядомы ён і  ў вобласці. А нядаўна рашэннем калегіі Міністэрства культуры ансамблю “Сустрэча” за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень, актыўную канцэртную праграму прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”.