ЖАРСЦІ РУБЛЁВЫЯ
30 сентября 2011, 07:00

ЖАРСЦІ РУБЛЁВЫЯ

Даўні сябар нашай газеты, вядомы беларускі паэт Васіль Жуковіч днямі выдаў чарговую кнігу - зборнік сатыры і гумару “Цудадзейны вітамін”. Вітамінам гэтым аўтар называе смех. Прапануем чытацкай увазе некалькі сатырычных твораў Васіля Аляксеевіча.
Поделиться

ЖАРСЦІ РУБЛЁВЫЯ

На Беларусь прыйшла еўравалюта.

Рубель, наш галадранец, кажа: “Крута!”

І ну давай да панны заляцацца,

У шчырым у каханні прызнавацца.

Быць закаханым ёй рубель клянецца,

Паклоны б’е, ніжэй як можна гнецца,

Цалуе ёй ужо не толькі ножкі,

Каб прадавался танней хоць трошкі.

Тых заляцанняў грыўна стала сведкай:

— Будзь асцярожная ты з ім, суседка!

Ты шчасця з ім ніякага не злепіш,

Адно, глядзі, інфляцыю падчэпіш.

СОРАМ БЕЛАРУСКАГА РУБЛЯ

Перад доларам нямала

Падаў хілы, нетрывалы

Беларускі наш рубель.

У валютных справах асы

Штурмам бралі ашчадкасы,

Каб не сесці тут на мель…

Час ішоў. Еўравалюта

Узышла раптоўна, крута

І на наш кірмаш прыйшла.

Ўся бліскучая, як пава,

Набыла імгненна славу:

Ўсіх яна пераўзышла.

Перад ёй ужо сам долар

Злёгку хіліцца дадолу,

Рублік наш упаў, ляжыць.

Бедалагі ўжо — не асы —

Змрочныя, стаяць ля касы,

Каб яго як-небудзь збыць,

Каб што людскае набыць.

— Што ты, зайка, што ты, бедны,

З пераляку гэткі бледны,

Нізка ўпаў, ты ўвесь дрыжыш?

— Як сябе інакш паводзіць,

Калі сорам не праходзіць,

Не дае спакойна жыць:

Злоты, лат, рубель маскальскі,

Грыўна з мяне зубы скаляць,

Не зраўняцца з імі мне.

Ўсе яны аблічча маюць,

Хоць таксама саступаюць

Еўру, долару ў цане.

Бачу, кожны з іх спрытнейшы,

Я за ўсіх-усіх слабейшы —

Цень маскальскага рубля;

Хай вярхі задавальняю,

А нізы мяне скланяюць,

Бы якога круцяля.

Ля абменнікаў я чую

Ад людзей, што там начуюць,

Скаргаў цьму начной парой.

Там старыя наракаюць,

Што на смерць рублі трымаюць, —

Грошы робяцца трухой:

Дэвальвацыя з’ядае.

Люд у крамах прападае,

Панікуе шчыры люд:

“Кепска ёсць. Ці ж лепей будзе?”

Больш не давяраюць людзі

Беларускаму рублю.

Людзі добрыя, паверце:

Я гатовы сам памерці,

Каб замена мне была.

Дзеля Бацькаўшчыны вольнай,

З беднасцю пакончыць здольнай,

З цемры выйсці да святла.

СНЫ

Спрэчкі сняцца дэпутатам,

Поспех — мудрым дыпламатам,

Слава — шахам, каралям,

Вязням — воля, кара — катам,

Грошы — спрытным казнакрадам,

Праца — сейбітам, аратым,

Піва — дужым мужыкам…

Проста спіцца дзівакам.

ПЕРАЎВАСАБЛЕННЕ

Ну, трэба ж гэтак навучыцца

Аблічча ўласнае мяняць:

З авечкі можна стаць ваўчыцай,

З ваўчыцы зноў авечкай стаць!..

Тут не сакрэту будзе ўцечка,

Адной начальніцы сюрпрыз:

Глядзіць уверх яна авечкай,

Але ваўчыцай — зверху ўніз…