Сцерлядзі ў Прыпяці прыбаўляецца

Сцерлядзі ў Прыпяці прыбаўляецца

14 октября 2011, 06:00
433
У пятніцу, 7 кастрычніка, прайшло чарговае зарыбленне сцерляддзю Прыпяці непадалёку ад чыгуначнага маста. Улонне ракі прыняло 200 асобін вагой па 526 грамаў. Нагадаем, што летась, 19 кастрычніка, было першае зарыбленне. У Прыпяць было выпушчана 500 сцерлядзей, кожная вагой 220 грамаў.

Аб лёсе мінулагодніх рыбін гутарым з начальнікам аддзела біялагічнай разнастайнасці Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Сяргеевічам Гіраевым.

— Як і разлічвалі, леташняя сцерлядзь далей за 20 кіламетраў уверх і ўніз па рацэ не мігрыруе. Вылоўлівалі рыбу непадалёку ад Пінска і Жыткавіч. Вага іх складала ад 750 да 1150 грамаў. Гэта значны прырост. Таму спрыяе добрая кармавая база, спакойная абстаноўка.

Сцерлядзь нерасціцца кожны год. Вось і чакаем дзесьці ў снежні першы нераст. А новы выпуск малькоў дазволіць павялічваць папуляцыю ўжо за кошт нерасту сцерлядзі, якая прыжылася ў прыпяцкіх водах.