На струнах душы…

На струнах душы…

21 октября 2011, 07:00
1188
Традыцыйнай вечарыне памяці слыннага літаратара Уладзіслава Нядзведскага (1929-73), якая адбылася днямі ў Мікашэвіцкай гімназіі, што носіць імя паэта, сёлета можна было б даць дэвіз “Пад музыку гітарных струн”. 

Мяркуйце самі. Па-першае, тэматычны блок вечарыны, прысвечаны біяграфіі і творчасці паэта, добра аздобілі песні ў выкананні 9-класніцы Лізаветы Фіцнер і групы юнакоў (Уладзіслаў Здрок, Павел Пашук і Леанід Арыновіч) пад гітарны акампанемент педагога-арганізатара Вольгі Аляксееўны Вешняк — па-новаму, яшчэ больш узнёсла і шчымліва, прагучалі пакладзеныя на музыку вершы Ул.Нядзведскага “Я помню ўсё” і “Адказ”.

Творы паэта чыталі таксама Канстанцін Салановіч (10 клас), Дзіяна Глушэнь, Аляксандра Крывулец і Ганна Буневіч (7 клас), Дзяніс Падамацкі (8 клас), Марына Хвісцік і Дар’я Макаед (6 клас), а пра жыццёвы лёс славутага земляка распавялі вядучыя вечарыны Арцём Глушэнь (11 клас) і Ганна Бурык (10 клас).

Але вернемся да “гітарнай” тэмы. Ганаровымі гасцямі свята ў гэтым годзе сталі людзі, якія не проста сябруюць з гітарай, а сапраўдныя прафесіяналы бардаўскай песні. Эдуард Акулін, паэт, галоўны рэдактар часопіса “Верасень”, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, на Лунінеччыне быў ужо каля 10 разоў, у тым ліку шматкроць наведваў і Мікашэвічы. Прэзентаваўшы гледачам чарговы нумар “Верасня”, ён выконваў песні і вершы не толькі ўласныя, але і Максіма Багдановіча, Анатоля Сыса, падараваў гімназічнай бібліятэцы камплект кніг і часопісаў. А завяршыў свой выступ песняй “Янка Купала”, якой падпявала ўся зала.

Калі пра Э.Акуліна наша газета распавядала ўжо не аднойчы, то Таццяна Беланогая завітала ў Мікашэвічы ўпершыню. Спявачка прызналася, што Палессе ёй заўсёды падабаецца, бо адсюль карані яе бацькоў (маці нарадзілася ў Жыткавіцкім раёне, бацька — пад Старадубам). Таццяна мае дзве вышэйшыя педагагічныя адукацыі (настаўнік геаграфіі і біялогіі і англійскай мовы). Некаторы час працавала ў школе ў Ратамцы, потым у сферы турызма, а пазней перайшла на грамадскую і творчую працу. Супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, выпусціла чатыры песенныя дыскі (“Там, дзе мы”, “Пабачыць свет”, “Двукроп’е” і “Ніткі”), дзе ёсць творы як па-беларуску, так і ў перакладзе на польскую, англійскую мовы. Дарэчы, у час вечарыны Таццяна выканала некалькі песень на словы “Палесся мілага дзіця” — Яўгеніі Янішчыц. А вось як сфармулявала сваё жыццёвае крэда спявачка ў інтэрв’ю ўжо згаданаму часопісу “Верасень”: “Песня — гэта эстэтычная форма майго ўзаемадзеяння са светам і людзьмі. У голасе жыве эмоцыя. Толькі тады, калі я адчуваю, люблю і ненавіджу — я жыву”.

Даўні сябар гімназіі, выдавецкі і бібліятэчны дзеяч з Мінска Людміла Несцяровіч уручыла гімназіі падзячны ліст за актыўны ўдзел ў рэспубліканскай акцыі “Чытаем па-беларуску” (яе ладзілі часопісы “Бярозка” і “Бібліятэка прапануе”), правяла віктарыну сярод вучняў з прызамі ад кампаніі “Будзьма”, дапамагла зладзіць, так бы мовіць, аўтограф-сесію.

Лаўрэаты конкурсу памяці Нядзведскага

Традыцыйны і важны момант свята — уручэнне штогадовай прэміі імя Ул.Нядзведскага. Сёлета яе лаўрэтам у намінацыі “паэзія” стала дзевяцікласніца Лізавета Фіцнер, што засведчыў ганаровы дыплом. Граматы за творчыя поспехі ў галіне паэзіі атрымалі 6-класніцы Марына Хвісцік і Насця Меркушава, 7-класнік Валерый Саўчук і 10-класніца Аляксандра Карышава. Дырэктар гімназііі Сяргей Пятровіч Высоцкі, падсумоўваючы вынікі свята, заклікаў вучняў і педагогаў у гэты дзень размаўляць толькі па-беларуску, што стала б добрым сімвалічным падарункам паэту-земляку і ўсім нам.

У той жа дзень прайшла яшчэ адна літаратурная сустрэча з мінскімі гасцямі — у СШ №1 г.Мікашэвічы, дзе яны таксама былі прыхільна сустрэты вучнямі і педагогамі.