Як пайшлі дзяўчаты ў лес на Узвіжанне…
28 октября 2011, 07:00

Як пайшлі дзяўчаты ў лес на Узвіжанне…

Народнае павер`е сцвярджае, што 27 верасня, на Узвіжанне, вужы i гадзюкi развiтваюцца з сонцам, з белым светам i на ўсю доўгую зiму iдуць у зямлю.
Поделиться

Кажуць, што ў гэты час яны становяцца вельмi злас-лiвымi i могуць напасцi i смяротна ўкусiць. Таму менавiта ў гэтую пару людзi стараюцца не iсцi ў лес. А тыя, хто ўсё-такi наведваецца ў гэты дзень туды, расказваюць, што на іх шляху сустракалiся цэлыя клубкi змей.

I вось сёлета за дзень да Узвіжання пяць жанчын пайшлi на балота, па журавiны. Дзень быў сонечны i цёплы. Журавiн было малавата, усё ператоптана.

I дзве малодшыя ягаднi-цы, Наталя i Света, адышлi трохi ўбок, шукаючы ягады. Кожная руплiва аглядала i абiрала свае купiнкi.

I раптам Наташа чуе страшэнны Святланiн крык i бачыць: ляцiць тая сама не свая. Падбегла i з немым крыкам «Змяя! Змяя!» стала асядаць на мох i ўпала як забiтая. Прычым, не проста стала белая, як палатно, а пачала сiнець.

«Божачка! Памерла!» — мiльганула ў галаве Наташы жахлiвая думка.

Яна стала трэсцi няшчасную i крычаць, зваць на дапамогу.

Але адна з жанчын была глухаватая, другая збiрала ягады далекавата, а трэцяя пачула i нават зразумела, што да чаго, але баялася сябе патрывожыць.

Тым часам Света была ў поўнай адключцы. Наташа сама чуць не памерла ад страху.

«Светка! Светка! Ачнiся! Як жа я цябе выцягну з балота?!» — крычала i плакала яна. Потым падышлi жанкi. I тут Света адкрыла вочы. Памаленьку яна апамяталася i расказала, што, аглядаючы купiны, раптам убачыла амаль перад сабою змяю. Тая стаяла на хвасце, раскрыла рот i пагрозліва шыпела. Жанчына кінула вядзёрка з ягадамi i рванула ў беспамяцтве на ўцёкi.

Затым адна смялейшая пайшла i забрала вядзёрка. Змяi яна не бачыла.

Настрой быў сапсаваны ва ўсiх, але мала-памалу жанкi ачомалiся i працягвалi работу. Нават Света збiрала ягады да вечара.