Не бывае гісторыі “малой”…

Не бывае гісторыі “малой”…

03 ноября 2011, 09:18
Автор:
654
Днямі адбылося чарговае пасяджэнне прэс-клуба Лунінецкай філіі БАЖ. Тэма гучала так: “СМІ і краязнаўчы працэс: не бывае гісторыі “малой”. Да ўдзелу, апрача журналістаў, былі запрошаны краязнаўцы з Лунінца і Баранавіч, іншыя зацікаўленыя асобы.

Журналіст і гісторык Вадзім Жылко распавёў аб шматлікіх прыкладах супрацоўніцтва паміж лунінецкімі краязнаўцамі і незалежнымі СМІ, аб “краязнаўчым самвыдаце” (серыя “Лунінецкія сшыткі” і інш.). На важнасці для даследчыкаў рэгіянальнай гісторыі мець магчымасць папулярызаваць свае здабыткі праз прэсу спыніўся краязнавец і літаратар Сцяпан Нефідовіч. Іван Панасюк прэзентаваў прысутным кнігі па прыродзе і гісторыі палескага рэгіёна, але асноўны акцэнт зрабіў на выхаванні моладзі ў духу “радзімазнаўства” і любові да гісторыі свайго краю: на яго думку, патрэбны не гучныя “казённыя” заклікі да патрыятызму, а няспынная сапраўдная праца, пачынаючы з самага маленства. Дарэчы, на гэтую тэму даследчык рыхтуе сваю новую кнігу.

Пісьменнік з Баранавіч Алесь Корнеў расказаў аб сувязі паміж краязнаўствам і мастацкім словам, прывёўшы ў якасці прыкладу свой паэтычна-краязнаўчы зборнік “Крыжы зямелькі нашай”. Не пакінуў прысутных абыякавымі выступ вядомага даследчыка з Баранавіч Міхася Маліноўскага на тэму: “Праўда і міфы гісторыі на старонках прэсы”: шмат якія публікацыі краязнаўцы палемічна завостраныя, нават правакуюць дыскусію, але тым самым абуджаюць цікавасць да гісторыі ў шырокага кола людзей.

Госці Лунінца пазнаёміліся з гістарычным цэнтрам горада, наведалі раённыя музей і бібліятэку. Прыемна, што ў апошнія гады адноўлена традыцыя Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў — сёлета яны адбыліся ўжо ў восьмы раз.

Баранавіцкія госці сустрэліся з навучэнцамі Лунінецкага палітэхнічнага каледжа (групы 11 і 24, педагогі Алена Ціхамірава і Галіна Антановіч). Алесь Корнеў выступіў з вершамі, Міхась Ма-ліноўскі — з мастацкімі перакладамі. Ажыўлена прайшла віктарына, пераможцы якой былі ўзнагароджаны.

Последние новости