Птушыны дом

Птушыны дом

03 ноября 2011, 09:20
1039
Я гадаваўся на ўлонні прыроды, на якім вадзілася безліч птушак розных відаў. І заўсёды мяне цікавілі іх спевы, звычкі і самае дзіўнае - уменне віць гнёзды.

Хаця трэба агаварыцца, што гнёзды ўюць не ўсе птушкі. Відаць, на працягу многіх тысячагоддзяў, з часу зараджэння, кожны від гэтых крылатых істот фарміраваўся ў асяроддзі пражывання — на зямлі, у траве ці на дрэве, дзе розныя матэрыялы меліся для пабудовы жытла.

У нас на Палессі для будаўніцтва гнязда любой птушцы маюцца ўсе ўмовы, але не ўсе яны будуюць. Напрыклад, зязюля. Ні самец, ні самка не валодаюць майстэрствам будаўніцтва, а таму самка падкідвае яйкі ў гнёзды іншых птушак.

Не будуюць гнёздаў птушкі атрада савіных: сіпухі, кугаўкі, вушатыя совы і сычыкі. Яны займаюць леташнія гнёзды іншых птушак або селяцца ў дуплах, адкладваючы яйкі проста на труху.

Практычна не будуюць гнёздаў і ўсе птушкі атрада курыных — цецярук, глушэц, курапатка, рабчык і іншыя. І зусім не з-за няўмення. Справа ў тым, што, адкладваючы яйкі проста ў ямцы на зямлі і размяшчаючыся на іх зверху, самка выдатна маскіруецца: на адлегласці метра яе не разгледзіш. А калі б з-пад яе тырчэлі пух і сухія травінкі, гняздо было б заўважана.

Прымітыўнае гняздо ў кнігаўкі: на грудку, на лузе або на вораным полі яна выкублівае ямінку, падсцілае крыху сухой травы і адкладвае 4 яйкі. А вось суседзі кнігаўкі: грыцукі, кулёны, бакасы, кулікі і іншыя (акрамя пясочнікаў) — робяць гнёзды на выступаючых з вады ці над вадой купінах траў і асок, высцілаючы ўнутры невялікай колькасцю сухой травы. Таксама паблізу вады ў купінах або ў густой траве маскіруе сваё жыллё большасць качак.

Па памеры ад качак адрозніваюцца гусі і лебедзі. Суадносна і памеры іх гнёздаў нашмат большыя. У лебедзяў, напрыклад, жытло дасягае ў дыяметры 1,5-2 метраў.

Палова асоб птушынага царства гняздуецца на дрэвах. Прычым, большасць з іх ладзяць гнёзды аднаасобна.

Самай простай канструкцыі гняздо ў голуба і туркаўкі: у кроне дрэва ці ў густым кусце няшчыльна ўкладзена кучка галінак без высцілкі або з рэдкай высцілкай з карэньчыкаў траў і лістоў. Глянеш знізу на тое гняздо — прасвечваецца, яйкі відаць.

Таксама з тонкіх галінак будуюць гнёзды каршуны, вароны. Высока на дрэвах зробленыя па-майстэрску са шчыльнай высцілкай з сухой травы, пуху, жывёльнай шэрсці, кавалачкаў тканіны, нітак і смецця.

Птушкі аднаго і таго ж класа селяцца па-рознаму, суадносна, і гнёзды свае будуюць па-рознаму. Напрыклад, жоўтая пліска гняздзіцца на зямлі пад прыкрыццём густых травяністых раслін, а белая пліска — у норах, у шчылінах пабудоў, у кучах дроў, у трэшчынах кары ці пад карэннем дрэў. Гэтаксама ластаўкі: вясковыя селяцца ўнутры пабудовы пры сцяне або балцы; гарадская прылепвае гняздо на знешнім баку будынка пад дахам ці пад адлівам; а ластаўка-зямлянка — у нары ў абрыве зямлі ці ў крутым беразе над ракой. Прычым, апошнія жывуць калоніямі.

Калоніямі селяцца шмат якія птушкі: гракі, чаплі, бакланы. Гракі аблюбоўваюць месцы найбольш паблізу населеных пунктаў або нават у парках гарадоў і вёсак. Чаплі і бакланы — наадварот, выбіраюць аддаленыя ад чалавека мясціны. Селяцца найчасцей на дубах. Іх гнёзды з галля, усланыя высцілкай, з гадамі нарастаюць, робяцца вялікімі, грувасткімі.

Але самае вялікае жытло бывае ў буслоў. Белыя буслы спрадвеку сяліліся каля людзей, на вясковых саламяных ці чаротавых стрэхах або на вяршынях высокіх дрэў. У наш час гэтыя птушкі месцяць буслянкі на шыферных дахах, найбольш на электраслупах і нават на воданапорных вежах.

Удала прыстасоўвае гняздо івалга: невялікае памерамі, пераплеценае ніткамі, абрыўкамі шнуркоў, кавалкамі ануч, расліннымі валокнамі, высланае пёрамі, воўнай, кавалачкамі паперы, у выглядзе калысачкі, высока, на канцы галіны якога-небудзь лісцевага дрэва. І дзіўна, што нават у моцны вецер, калі галіна матляецца ў паветры, яйкі або птушаняты не выпадаюць.

Самае мудрагелістае гняздо ў рэмеза. Уплеценае ў развілку тонкай, звіслай над вадой або паблізу ад вады галінкі (часцей на вербах), у выглядзе рукавіцы з адтулінай у “пальцы”. Веснавыя гнёзды — з мяккіх раслінных валокнаў і лыка, шэрага колеру; збудаваныя ў маі і чэрвені — з пуху таполяў і вербаў, амаль белыя.

Ну і нельга не адзначыць майстэрства сарок. Іх гнёзды можна ўбачыць і ў маладаступных густых лазняках, і  ў гаях, і ў вясковых садах, бывае, каля самага дома ў гушчы пладовых дрэў. Вялікае, шарападобнае, з тонкіх і гнуткіх галінак гняздо з дахам, дзе ўнутры ідзе слой зямлі, а ў ёй месціцца высцілка з травы з прымессю шэрсці, валосся і пуху.

У свеце ёсць шмат птушак, якія з’яўляюцца ўмелымі архітэктарамі ў галіне будовы гнёздаў, але не трэба шукаць дзівосы па свеце, можна знайсці і ў нас багата адкрыццяў, калі паглыбіцца ў птушыны свет.

Последние новости