Акцыя паклёпу, ці Паляванаў хто такі?

Акцыя паклёпу, ці Паляванаў хто такі?

17 ноября 2011, 08:00
473
«Выкрывальны» артыкул Дзяніса Паляванава «Как „правозащитник“ Беляцкий устроил себе красивую жизнь», які з’явіўся на сайце агенцтва БелТА 2 лістапада, растыражавала шэраг дзяржаўных СМІ, у ліку якіх лунінецкая «раёнка».

Назіральнікі ад Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і Ўсясветнай арганізацыі супраць катаванняў выступілі з супольнай заявай. Яны звяртаюць увагу на тое, што беларускія афіцыйныя медыі праводзяць кампанію дыскрэдытацыі кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага. Прадстаўнікі міжнародных арганізацый называюць яе «абразлівай кампаніяй паклёпу».

Міжнародныя эксперты канстатуюць: дзяржаўныя СМІ Беларусі прадстаўляюць справу Алеся Бяляцкага так, нібыта ўжо даказана, што праваабаронца вінаваты ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і ў крадзяжы бюджэту донараў.

У распаўсюджаным матэрыяле БелТА некалькі разоў сцвярджаецца, што Бяляцкі валодаў вялікімі грашыма. Аднак ва ўсім артыкуле, адзначаюць міжнародныя экспэрты, няма ніводнай лічбы.

Такія факты выходзяць за рамкі журналісцкай этыкі, лічыць доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў. Ён кажа, што праўдзівасць і аб’ектыўнасць у выкладанні інфармацыі — адныя з асноўных прынцыпаў журналісцкага кодэксу гонару:

«Важна падаваць матэрыял аб’ектыўна. І недапушчальна выкладаць матэрыял, каб дагадзіць якому-небудзь пункту гледжання — ці гэта будуць дзяржаўныя інтарэсы, ці карпаратыўныя, ці то асабістыя. У тых двух прыкладах якраз і назіраецца яўны адыход ад базавых прынцыпаў журналісцкай этыкі».

А вось аўтара артыкула «Як „праваабаронца“ Бяляцкі зрабіў для сябе прыгожае жыццё» Дзяніса Паляванава знайсці немагчыма. У БелТА кажуць, што штатнага супрацоўніка з такім прозвішчам у іх няма.