Дзіцячыя гульні развіваюць і выхоўваюць

Дзіцячыя гульні развіваюць і выхоўваюць

24 ноября 2011, 11:04
1591
Амаль усе бацькі хочуць, каб іх дзеці былі спакойнымі, паслухмянымі. І ў большасці сваёй скоўваюць дзіцячую свабоду - свабоду руху.

Зразумела, што ў грамадскім транспарце, на вакзале ці пры знаходжанні на вуліцы (асабліва, дзе ажыўлены рух) дзеці павінны быць абмежаваны ў руху і ў вольных паводзінах. Ва ўсіх іншых абставінах малыя павінны быць раскаванымі: зімой спускацца з горкі на санках (і не выключана, што выкачаецца ў снезе), гуляць у снежкі, летам — купацца ў вадзе, бегаць і шумець, гойсаць па пяску, гуляць у хованкі, у даганялкі (бэркі), у “вайну”. Бацькі не павінны аднімаць у дзяцей магчымасць гуляць з сябрамі ў двары, нават калі гэта прычыняе нязручнасці дарослым.

Зараз настаў век тэлевізараў і камп’ютараў. Дзеці гадзінамі сядзяць перад экранам ці маніторам. Даследчыкі высветлілі, што за апошнія гады ў дзяцей пастаянна змяншаюцца магчымасці гуляць на свежым паветры, у дзіцячым гурце — такая выразная тэндэнцыя аказвае сур’ёзны ўплыў на фізічнае, псіхічнае і сацыяльнае развіццё. Вынік: пры абследаванні дзяцей ужо ў малодшых класах выяўлена шмат парушэнняў стану здароўя.

Трэба памятаць, што гульні не толькі мацуюць здароўе, але і развіваюць мышленне і лепшыя рысы характару, інакш кажучы, выхоўваюць. Тым больш яны карысныя, калі вядуцца на свежым паветры.