Лікі роднай зямлі

Кніжачка мініяцюраў Сцяпана Нефідовіча “Запознены салавей” — як шапік з іконкамі… Такімі маленькімі, акуратненькімі абразкамі святых у яркіх шатах, зіхоткіх залатых німбах і акладах. Толькі інструмент у аўтара не пэндзаль, фарба і сусальнае золата, а слова, вострае вока і багаты досвед. І замест святых — лікі роднай зямлі.
Напісана займальна, пяшчотна, спачувальна. І не паспяваеш стаміцца, бо ўсё — сцісла і ярка.
Нефідовіч вяртае чытача, што жыве ў каменных мяшках гарадоў, да першаасновы, да прыроды. Ён — аўтар — надзелены дарам бачыць прыгажосць і адчуваць боль. За лёс нашага краю, хоць там нават слова гэтага няма. Погляд ягоны ўзвышаны, боль — шчымлівы. “…Вёскі з нямоглымі ды спітымі людзьмі…”, “…Чорныя раны ў царстве лясоў…”. Але ён і аптымістычны, бо сэнс прыроды — колаварот руху і адраджэння.
І мова ягоная — багатая, і “смачная”.
А галоўнае ў мініяцюрах — любоў аўтара да Беларусі, да роднага Палесся, якую ён імкнецца перадаць чытачу.