Жыццё — як ёсць
А вось нядаўна купка пісак-«чаргіністаў», што кормяцца за дзяржаўны кошт і чые кніжкі выдаюцца дзяржавай, выехалі адзін раз у народ — і ўсе тэлеканалы і ўладныя газеты не нахваляцца… А вы кажаце: літаратура — не палітыка.
* * *
У некаторых краінах кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы здаюць экзамен на веданне нацыянальнай мовы. Не ведаеш мовы — збракаваны. Як справядліва!
* * *
Тых, хто рушыць помнікі, нішчыць кнігі, называем вандаламі. Такіх пакаснікаў ганьбім, асуджаем, а то і судзім. А якую меру пакарання трэба даць вандалам, якія зруйнавалі мову цэлай нацыі?
* * *
Перафразаваўшы вядомую прыказку, зазначу: «Пакажы, што ў цябе маецца ў халадзільніку, і я скажу, як ты жывеш».
Тры тыдні пражыў у Германіі ў простай вясковай сям`і. Штодзённа ў час яды на стале — сыр, 2-3 гатункі каўбасы і рыба. А ты, мой зямляк, што гадамі галасуеш за квітнеючую Беларусь, жывеш у такім дастатку?