Маці
Вось неяк атрымалася, што абедзве нявесткі ў адзін час нарадзілі немаўлят. І, відаць, для большай зручнасці, каб не ўставаць, жанчыны пакідалі дзяцей на ноч ля сябе. Аднойчы прачнулася адна з нявестак і ўгледзела, што дзіця нежывое. Стомленая за дзень, яна, відаць, моцна заснула і не заўважыла, як у сне налягла на дзіця. Спужаўшыся, жанчына падышла да ложка, дзе спалі мужаў брат з жонкаю, і ўзяла іхняе дзіця. Ціхенька пераспавіла яго ў пялёнкі свайго дзіцяці, а сваё, нежывое, “заматала” ў ятроўчыны і паклала на суседні ложак.
— Гэта не маё дзіця! — слёзна крычала ранкам маладая жанчына. — Маё жывое, ці ж я сваю крывінку не пазнаю?!
— А чыё ж? Раз “прыспала”, цяпер маўчы! — адзывалася другая. — Гэта ж ты ніколі не прачнешся ноччу, калі дзіця плача! — папракала яе сапраўдная маці. — Маё дзіця жывое! — насмешліва казала адна. — Гэта маё жывое! — плакала другая.
Доўга, пэўна, яшчэ б яны лаяліся, але ўмяшаўся свёкар. — Вось нож, давайце разрэжам яго напалову, будзе і адной, і другой, — стары спешна направіўся да немаўляці.
— Давайце! — радасна выкрыкнула тая, чыё дзіця памерла.
— Ах, Божачкі, хай, хай яно будзе ёй, толькі не рэжце! — кінулася да свёкра другая.
— Вось цяпер я бачу, чыё гэта дзіця! Хіба ж ты, родная маці, магла б мне дазволіць парэзаць сваё дзіця?! І хіба ёй, чужой твайму дзіцяці, не было б усё роўна, што я хачу з ім зрабіць?! — пранізлівым позіркам стары паглядзеў на нявестку, якая падмяніла дзяцей, а потым падышоў да калыскі, дастаў немаўля і перадаў яго сапраўднай маці.
Гэты аповед я пачула ад сваёй бабулі. Ужо колькі гадоў таму. Але часта згадваю гэту гісторыю і заўсёды са шкадаваннем гляджу на такіх гора-мамачак, якія на людзях не саромеюцца “сюсюкацца” са сваімі дзеткамі. Але калі малое зробіць нешта не так, такую лаянку выслухаеш, што хочацца вушы затыкнуць, каб не чуць такога! Можа і нядрэнна, што пайшла такая мода на лепшую маці, але не трэба забываць, што лепшай трэба быць свайму дзіцяці, а не зіхцець у вачах прахожых!