Вучоны з глыбінкі

У школе вучоба давалася лёгка, асабліва прадметы фізіка-матэматычнага цыкла.
Пасля заканчэння ў 1982 годзе Язвінскай сярэдняй школы Аляксандр Кіевіч паступіў вучыцца ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум. Па размеркаванні трапіў у Лунінецкі райспажыўсаюз. Хутка ў таварыстве заўважылі стараннасць маладога спецыяліста і прапанавалі больш высокую пасаду. Але Саша вырашыў ісці служыць у армію і потым працягваць навучанне ў ВНУ. Кіраўніцтва з паразуменнем аднеслася да жадання маладога чалавека працягваць вучобу.
Служыць яму давялося ў Чэхаславакіі камандзірам танка. У арміі пазнаёміўся з хлопцам з Кобрына, якога таксама звалі Саша. У выніку пазастатутных адносін хлопец моцна пацярпеў. І вось тут праявіліся лепшыя чалавечыя якасці Сашы Кіевіча — чуласць, спагадлівасць, міласэрнасць. Бацькі сябра потым яму шчыра дзякавалі за гэта. І было за што. На працягу доўгага часу ён наведваў сябра ў шпіталі і, як толькі мог, імкнуўся падтрымаць яго…
Адразу ж пасля заканчэння армейскай службы вырашыў працягваць вучобу. Самастойна падрыхтаваўся да паступлення ў Ленінградскі дзяржаўны інстытут эканомікі і фінансаў, адну з вядучых ВНУ тагачаснага СССР. Вучыўся ў інстытуце добра, чым прыцягнуў увагу выкладчыкаў. Аляксандру прапанавалі займацца ў аспірантуры.
І ў гэты час цяжка захварэў бацька. Аб аспірантуры можна было забыць. Але тут мудрасць праявіла маці. Яна сказала: “Калі ёсць моцнае жаданне вучыцца, то вучыся, сынок. Мы як-небудзь вытрымаем”. І Саша вельмі ўдзячны маці за такую падтрымку. Паспяхова закончыўшы аспірантуру, ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. Аляксандр Кіевіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх манаграфій і артыкулаў, змешчаных у вядучых навуковых выданнях, спецыялізаваных часопісах. Часта выступае з дакладамі на навуковых канферэнцыях. Зараз Аляксандр Уладзіміравіч рыхтуецца да абароны доктарскай дысертацыі, якая павінна адбыцца ў другой палове снежня.
Радуюцца поспехам сына яго бацькі — былы шафёр АП-10 і палявод мясцовага сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, усе дзеці Уладзіміра Міхайлавіча і Веры Міхайлаўны атрымалі вышэйшую адукацыю. Старэйшы сын Міхаіл працуе на адным з прадпрыемстваў Ліды, Анатоль — у камбінаце грамадскага харчавання Лунінецкага райпа, а Аляксандр і Віктар — у Санкт-Пецярбургу. Дарэчы, самы малодшы, Віктар, сярэбраны школьны медаліст, закончыў тую ж установу, што і Саша, таксама абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Поспехі колішніх выпускнікоў школы падзяляе і педагагічны калектыў Язвінскай СШ.
* * *
Ад рэдакцыі: Аўтар прыве-дзенага вышэй матэрыялу прынёс у рэдакцыю для знаёмства і некаторыя з прац нашага земляка Аляксандра Кіевіча. Сярод іх — аўтарэферат доктарскай дысертацыі па тэме «Камерцыйныя банкі на сусветным фінансавым рынку: метадалогія рэгулявання і функцыянавання». Адзначаючы актуальнасць свайго даследавання, А.Кіевіч, у прыватнасці, піша, што глабалізацыя сусветнай эканомікі і інтэграцыя фінансавых сістэмаў у мінулыя дзесяцігоддзі не прывяла да фармавання канцэпцыі ўстойлівага і сбалансаванага развіцця фінансавых рынкаў і інстытутаў, а цяперашні глабальны фінансавы крызіс выявіў рызыкоўнасць стратэгій і механізмаў, што выкарыстоўваліся. І хаця, на думку навукоўца, першая хваля крызісу завяршылася, але праблемы застаюцца. У сваёй дысертацыі А.Кіевіч аналізуе шляхі іх вырашэння.
Уражвае і грунтоўны спіс публікацый, якія наш зямляк ажыццявіў, рыхтуючы дысертацыю. Сярод іх — манаграфіі «Дзейнасць камерцыйных банкаў на сусветным фінансавым рынку» (Санкт-Пецярбург, 2010) і «Міжнародны банкаўскі бізнес: функцыянальны і рэгулятыўны аспекты» (2011), артыкулы ў навуковых выданнях «Известия Санкт-Петербургского университета экономики и финансов», «Проблемы современной экономики», «Вестник Российской академии естественных наук», «Финансы и бизнес», «Российское предпринимательство», «Экономические науки», «Банковское дело» и многіх іншых.