Скептыцызму стала менш

Скептыцызму стала менш

28 декабря 2011, 11:57
649
22 снежня ў абласным цэнтры прайшла пераднавагодняя сустрэча прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ са старшынёй аблвыканкама Канстанцінам Андрэевічам Сумарам. Гаворка ў асноўным ішла пра вынікі года і планах на будучае.

Бягучая сітуацыя

Многія вострыя праблемы — рост цэнаў, сітуацыя на валютным рынку, крэдытаванне, будаўніцтва жылля, гатоўнасць да ацяпляльнага сезона — урэгуляваны. І той скептыцызм, які быў некалькі месяцаў назад, паменшыўся. Што датычыць асвятлення названых праблем у сродках масавай інфармацыі, то, як лічыць К.А.Сумар, неабходна не толькі іх называць, але і паказваць, як яны будуць вырашацца.

У гэтым годзе эканоміка, ды і ўсё грамадства, праходзілі выпрабаванне на трываласць. І ўжо ясна, што самыя цяжкія моманты ў нейкай ступені пераадолены. І нават створаны пэўны базіс для выканання задач наступнага года.

Прайшло 11 месяцаў

Рост унутранага рэгіянальнага прадукта склаў больш за 102%. Забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю. Экспарт тавараў вырас на 125%, паслуг — на 119. Аб’ём прамысловай вытворчасці да ўзроўню мінулага года павялічыўся на 6%, сельгаспрадукцыі — каля 4%. Сабралі больш за мільён тон зерня, вырашчаны добры ўраджай цукровых буракоў. Узраслі надоі малака, вытворчасць мяса. Статак жывёлы за апошнія гады папоўніўся 40 тысячамі галоў. Экспартная прадуцыя ідзе з высокай рэнтабельнасцю. Затраты на ўнутраным рынку кампенсуюцца за кошт прыбытку ад знешняга гандлю. Даходы бюджэту павялічыліся на 65%, расходы — на 39. Сітуацыя магла б быць і лепшай, каб не разбалансаванасць грашова-валютнага рынку.

Будаўніцтва

Праведзена вялікая работа, каб загрузіць будаў-нічую галіну заказамі як на ўнутраным рынку, так і за межамі рэспублікі. А апошнім часам у разы ўзрасла прысутнасць нашых будаўнікоў на знешніх рынках.

Інвестыцыі

Нягледзячы на складанасці, інвестыцыйны працэс ідзе. Калі ўзяць 2002 год, то ў вобласць прыйшло 14 млн. долараў ЗША, ў мінулым годзе — 150 млн., летась іх ужо ёсць 170 мільёнаў. Асноўныя інвестары — Расія, Германія, Польшча, Італія, Вялікабрытанія, Літва, Швецыя. 72% інвестыцый ідуць у прамысловую галіну.

Прыватызацыя

На аўкцыёнах прададзена 105 аб’ектаў дзяржуласнасці на 12,5 млрд. рублёў. Але яшчэ не выкарыстана 240 тысяч м2. З іх 30% — аб’екты былых ваенных гарадкоў; 10% — будынкі прамысловых прадпрыемстваў; 17% — сельгаспабудовы: старыя кароўнікі, цялятнікі, адкормачнікі, кармацэхі.

Планавалася прадаць 51 пакет акцый у розных сферах. Рэалізавана толькі шэсць на 18 млрд. рублёў.

Прадпрымальніцтва

У прыватным бізнесе працуе 130 тысяч чалавек, альбо 20% занятага насельніцтва вобласці. Зараз дзейнічае 9 тысяч малых прадпрыемстваў і каля 35 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх уклад у бюджэт — кожны трэці рубель, каля 30% усіх паступленняў. Малы бізнес дае 12% аб’ёму прамысловай прадукцыі. Прадпрымальніцтва — сур’ёзная праслойка ў народнай гаспадарцы. Таму яно ўсяляк падтрымліваецца.

2012 год

Бюджэт спланаваны бездэфіцытным. Падатковая нагрузка будзе зменшана. 56% бюджэту пойдзе на сацыяльныя патрэбы. Аплата працы вырасце ў 1,7 разы. Будзе закончана рэканструкцыя ўсіх аб’ектаў. У Лунінцы будаўнікі здадуць у эксплуатацыю плавальны басейн, а таксама пачнецца мадэрнізацыя СШ №1.

Прыярытэты: нарошчванне экспарту, павелічэнне станоўчага сальда ў знешнім гандлі, імпартазамяшчэнне, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, прыцягненне замежных інвестыцый.

Рост унутранага рэгіянальнага прадукту вызначаны ў 105-105,5%; экспарту прадукцыі — у 12%, паслуг — у 11%. Прамых інвестыцый плануецца прыцягнуць у межах 161 млн. долараў. Забяспечыць рост таваразвароту на 104,5-105%. Захаваюцца аб’ёмы ўводу жылля.