Калядоўшчыкі

Калядоўшчыкі

05 января 2012, 11:48
640
Вёску апаноўвала цішыня. Заціхаў сабачы брэх. Сёння і сабакі сытыя, а тут яшчэ і мароз бярэцца. Лепей у будцы паляжаць ці пад стогам. Ды і брахаць ужо няма на каго. Калядоўшчыкаў амаль не чуваць. Дзе-нідзе гучаць яшчэ іх бадзёрыя галасы. Але ж час позні, і шмат хто з іх ужо накалядаваўся аж да стомы ў нагах і ў галаве.

Гурбачка падлеткаў адышла ад апошняй хаціны на заснежанай вуліцы. Усё, трэба вяртацца. Зайсці да каго-небудзь у цёплую хату і па-дзяліць паміж калядоўшчыкамі тыя падарункі, што шчодра давалі гасцінныя гаспадары ў гэты святы вечар. Амаль два мяхі напоўнены святочнымі пірагамі, салам, каўбасамі, нават цукеркамі і пернікамі ад заможных.

Старэйшы з дзяцей, завадатар Алесь, прамовіў тое, што ўсе ад яго даўно чакалі:

— Ну і ўсё! Хопіць! Пойдзем да Саўкі, ён бліжэй за ўсіх жыве. Там і падзелім накалядаванае. Саўка, ты не супраць?

Хлапец шмаргануў саплівым носам і важна прамовіў:

— Добра, хадзем. Мама нічога не скажа, а тата спіць даўно. Ён яшчэ звечара хадзіў калядаваць да сваёй хрышчонай і, мабыць, добра наклаўся. Матуля казала яму, што самагонка ў хрышчонкі ўкладзе любога.

— Хадзем, хадзем хутчэй, — загаманілі дзяўчаты. Відаць было, што ім надакучыла бадзянне па вясковых вуліцах. Ім падалося, што хлопцы мала ўвагі ім сягоння ўдзяляюць, ды і холад пранізвае аж да касцей.

Уся кампанія была аднадушнай. Калядны вечар скончаны, пара разысціся.

Алесь нечакана скіраваў свой позірк у бок поля, да сядзібы, што была за вярсту ад вёскі, напрыканцы калгаснага палетка, ля самага лесу. Бляск у акне старое перакошанай хаты ледзьве зіхацеў. Святло месяца на небе і іскрысты снег на полі не давалі разгледзець добра, ці то лямпа свеціць, ці то проста месячык адлюстроўваецца ў аконнай шыбе. Магло падацца, што ў шкло проста глядзіцца поўня. Хлопчык, няхай сабе і здалёк, адчуў, менавіта адчуў, а не ўбачыў, гэты цёплы бляск ад газнічкі, што заўсёды стаяла на цяжкім стале ў старой і няўтульнай хаціне кульгавай Параскі. Колькі Алесь і памятаў сябе, бабулька заўсёды жыла адна. Матуля расказвала, што раней на хутары жыла вялікая і дружная сям’я. Але Парасчын муж і тры сыны не вярнуліся з вайны. Яе гаспадар, яе руплівы і дужы Іванка, яе сыны-дубочкі, маладыя Сцёпка, Васілёк і Лёнічак, назаўсёды засталіся ляжаць у чужой зямельцы. Дачка і нявестка — жонка старэйшага сына — памерлі, бо захварэлі на тыф у час той жа праклятай вайны. А Параска засталася самотнай. Корпалася на хутарскіх градах і была сам-насам са сваім горам. Калі хутаран з ваколіц перасялялі ў вёску, то на старую махнулі рукою. Каму яна трэба, няхай ужо дажывае свой век на гэтым хутары. У вёску правялі электрычнасць і радыё. А на хутары ўсё заставалася так, як і дзесяць, як і дваццаць гадоў таму.

— А давай яшчэ на хутар да Параскі сходзім! — нечакана прапанаваў Алесь сваім сябрам.

Толік запярэчыў:

— Ну вось яшчэ! Бадзяцца пасярод ночы па снезе, ды яшчэ з паклажай. А казаў, што ўжо накалядаванае пойдзем дзяліць.

Дзеці заціхлі. У марозным паветры павісла нейкае напружанне і чаканне.

Алесь бадзёра звярнуўся да дзяўчынак:

— А вы, прыгажуні замерзлыя, што скажаце?

— Сходзім, сходзім! — аж заскакалі дзяўчаты, ці то ад холаду, ці ад нечаканай увагі хлопца.

— А што ім, абы дадому не ісці, слухаюцца гэтага Алеся, быццам ужо замужам за ім, — прабурчэў сабе пад нос Толік, але ніхто яго не пачуў.

— Што нам дасць гэтая Параска, у яе ж няма нічога, увосень бульбу перакопвала на калгасным бульбовішчы, — зноў незадаволена прамовіў Толік.

— Ну і няхай сабе не дасць нічога! Павіншуем чалавека, песню калядную праспяваем, проста адведаем. Святло гарыць, не спіць, відаць. Мо і мае надзею, што хто-небудзь адчыніць дзверы, — адказаў на Толікава буркатанне Алесь.

Юнакі і дзяўчаты падтрымалі свайго завадатара і шумнай чародкай амаль подбегам накіраваліся ў бок хутара. Па заснежаным полі ісці было цяжка. Алесь тады пайшоў наперад, а астатнім загадаў ісці ланцужком, след у след за ім. Ззаду пыхцеў нагружаны мехам Толік.

Вось і хутар. Замеценая снегам хата выдавалася яшчэ ніжэйшай. Здавалася, што пад цяжарам самоты і пражытых гадоў будыніна ўрасла ў зямлю. Калядоўшчыкі нерашуча зацягнулі пад акном свой святочны спеў. Але ніхто не выйшаў з хаты. Толькі бляск ад газнічкі трымцеў у акне, нібыта запрашаючы калядоўшчыкаў:

— Добра спявалі, але ж у хату зайдзіце!

Усе чакалі ад Алеся нейкіх дзеянняў, нерашуча пазіралі па баках і маўчалі.

— Ну што, наперад! — прамовіў хлапчына і накіраваўся да сенцаў. Намацаў вяровачку і рашуча пацягнуў на сябе. Дзверы расчыніліся. Намуляў клямку дзвярэй, што вялі ў хату, і ўпэўнена расчыніў іх. Святло, нібыта вырваўшыся з няволі, запоўніла сенцы. Грамада затупацела нагамі, абіваючы снег.

У халоднай хаце панавала цішыня. Старая ляжала на ложку з зачыненымі вачыма. Ад яе старэчага дыхання над паўрасчыненым ротам трымцеў пар. Пярэстая котка, што ляжала ла ног старой, з цікаўнасцю ўзняла галаву.

— Хто гэта? — дрыготкім голасам прамовіла бабуля, — чула, што калядоўшчыкі спяваюць, але не ўцяміла, ці то наяве песня гучыць, ці то сню…

— Гэта я, Алесь, Ганны Федарыхі сын. Мы з сябрамі калядуем і да вас завіталі вось, — адказаў на пытанне хлопец.

Бабуля адкрыла вочы. Абвяла позіркам прысутных:

— Дзетачкі, няма чым вас пачаставаць. Нічога не прыгатавала, ды і гатаваць няма з чаго. А сёння зусім хвароба мяне разбіла, нават грубку не пратапіла, вады нават са студні не прынесла, — неяк разгублена і вінавата прамовіла Параска.

— А ну, Толік, бегам да студні, а я па дровы. Дзяўчаты, прыбрацца ў хаце трэба, свята ўсё ж! — скамандаваў Алесь.

Праз нейкі час у цёплай Парасчынай хаце загучала калядная песня. А неўзабаве калядоўшчыкі па сваёй жа пратаптанай сцежцы рухаліся ў бок вёскі. Было радасна і лёгка. Радасна на душы і лёгка за плячыма. Бо ўся паклажа, бадай за выключэннем цукерак і пернікаў, засталася на хутары ў старой скасабочанай хаціне бабулі Параскі.