З пашанай да кнігі

З пашанай да кнігі

09 февраля 2012, 09:25
690
Сёлетні год у Беларусі аб’яўлены Годам кнігі.

Сучасныя школьнікі пасіўныя, кніг не чытаюць. Хто, як не настаўнікі павінны праявіць ініцыятыву ў прывіцці любові да літаратуры, але пакуль сустрэч з пісьменнікамі, святаў кнігі, конкурсаў і літаратурных чытанняў праводзіцца значна меней, чым трэба было б. Добра, што некаторыя школьныя бібліятэкі аформілі тэматычныя кніжныя стэнды, але гэта толькі першы крок у свет кніг.

Хаця ёсць ужо адна літаратурная сустрэча — з паэтам Уладзімірам Сітухам у каледжах і цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Можа, будзем амаль год чакаць “Лунінскую восень”? Гэта літаратурнае свята абласнога маштабу, і, здавалася б, пахвальна, што туды запрашаюцца сябры двух пісьменніцкіх саюзаў і ўручаюцца прэміі імя Уладзіміра Калесніка, але, на жаль, яно моцна падпсаванае «ідэалагічнай афарбоўкай». Таму на свята многія «няправільныя» літаратары Лунінеччыны не запрашаюцца. А наш раён не бедны на паэтаў і празаікаў: тут узрошчаны пісьменнікі Іван Макаловіч, Мікола Ільючык, Вадзім Жылко, творча працуюць і маюць па некалькі кніжак Вольга Грыдзюшка, Віктар Філатаў, Сцяпан Нефідовіч, Аляксандр Хаўдзееў, Галіна Гаргун, Рыгор Жук, Максім Казун, Людміла Хмялеўская і яшчэ некалькі творчых асоб.

Ідэалагічны сверб заядае і шэраг мясцовых чыноўнікаў. З іх боку ідзе ціск на тых, хто час ад часу ладзіць сустрэчы з сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў або Беларускай асацыяцыі журналістаў, хаця гэта поўнасцю легальныя, афіцыйна зарэгістраваныя ў нашай краіне творчыя грамадскія арганізацыі.

Нельга не адзначыць на Лунінеччыне і такога важнага пачыну, як выданне кніжак і брашур краязнаўчага характару, прычым большасць выдаецца фактычна на грамадскіх пачатках або за кошт асабістых рэсурсаў аўтараў. З твораў Івана Панасюка, Сцяпана Нефідовіча, Васіля Туміловіча і Льва Коласава чытачы могуць даведацца шмат звестак пра родны край са старажытных часоў да нашых дзён.

Лунінецкія літаратары ўжо шмат гадоў ладзяць сустрэчы з чытачамі, прывіваюць павагу да кнігі і любоў да роднага краю, сваімі творамі нясуць дабро людзям.

Последние новости