Маяковыя горы

Маяковыя горы

23 февраля 2012, 09:17
1575
Утвораныя ў выніку ледавіковага працэсу шмат тысяч гадоў назад пясчаныя дзюны размясціліся паўтаракіламетровай градой з поўначы на поўдзень між вёскамі Обруб і Лахва.

У склад грады ўваходзіць некалькі плоскіх узвышшаў, пяць конусападобных узгоркаў і доўгі хрыбет з вяршыняй, вышыня якой амаль 153 метры над узроўнем мора — найвышэйшая кропка ў межах Пінскага, Лунінецкага і Жытка-віцкага раёнаў.

Мясцовасць валодае ўнікальным рэльефам: узгоркі пакрыты сасновым лесам, сярод якога шмат ядлоўцу, тут жа маюцца зараснікі чарніц, брусніц, розных відаў імхоў, лішайнікі, папаратнікі, чабор і іншыя лясныя расліны. Кожнай вясной на ўсёй тэрыторыі Маяковых гор квеціцца сон-трава, чырванакніжная расліна Беларусі.

У даўнія часы горы называліся Пясчанымі. Калі ў царскія часы праводзілася трыангуляцыя мясцовасці, на самай высокай кропцы быў пастаўлены маяк, і народ «ахрысціў» гару Маяковай і горы — Маяковыя. Ужо паўстагоддзя, як абрушыўся маяк, на яго месцы збярогся рэпер (геадэзічны знак).

Каля Маяковых гор у час Вялікай Айчыннай вайны адбыліся два баі: у 1942 годзе партызаны знішчылі каля дзясятка ўласаўцаў, якія ехалі рабаваць жыхароў Обруба, а ў 1943 годзе — некалькіх немцаў і паліцаяў, што гналі жывёлу, забраную ў жыхароў навакольных хутароў.

Штогод у цёплы перыяд на Маяковыя горы прыязджаюць шмат людзей на адпачынак, а з блізляжачых школ настаўнікі з вучнямі арганізоўваюць экскурсіі. Зімой — гэта месца катання аматараў лыжнага спорту. Гэты ландшафтны аб`ект уключаны ў турыстычныя маршруты турклубаў. Тут пастаянна праводзяцца раённыя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні.

Маяковыя горы — унікальны помнік прыроды, «Палеская Швейцарыя». Гэты аб`ект варты таго, каб надаць яму статус ландшафтнага заказніка.