Вясна. Пацяпленне — і ўсё абнаўляецца: і зямля, і дрэвы, і людзі. У людзей, вядома, змены ў вопратцы і абутку. Асабліва ў маладых жанчын і дзяўчат. Трэба ж, каб на іх звярнулі ўвагу. Дзянёк сакавіцкі абуў дзеўкам чаравічкі. Паскідалі дзеўкі боты — стала воку больш работы. Якому воку? А ўжо ж — мужчынскаму, нават пажылому.
Замужжа
Маладыя дзяўчаты хочуць замуж. Тэлебачанне, гламурныя часопісы размалёўваюць шыкоўнае жыццё за багатымі бізнесменамі. І дзяўчаты прагнуць такога райскага жыцця — з курортамі ў замежжы, з уласнымі палацамі.
Але такіх мала. І прыходзіцца выходзіць за звычайнага, з сярэднім заробкам, найбольш — без кватэры. І мары аб светлым шчасці развейваюцца, становяцца звычайнай будзёншчынай, у якой нараджаюцца няўдобіцы, сваркі. Матэрыяльнае нядобраўпарадкаванне пераходзіць у маральнае супрацьстаянне, адсюль — разлад, які прыводзіць да разводу. А іх у нас, у Беларусі, каля 50% на 100 шлюбаў.
Ён цябе не захоча
Бабка Ганна, калі даводзілася з ёй сустракацца, разоў колькі казала мне:
— Я ўжо хутка памру. Калі траплю на той свет, то хочацца там сустрэцца са сваім Сцяпанам. Зноў будзем разам.
Яе 27-гадовы муж загінуў на фронце, сама выгадавала дачку і двух сыноў. І вось ужо ёй пад дзевяноста.
— Цётка Ганна, твой Сцяпан там малады, прыгожы, а ты з`явішся перад ім — глянь, якая — нямоглая, старэча. Ён цябе не захоча.
— То мы ж моцна любілі адзін аднаго, — убітым голасам казала яна.