Лунінецкая філія БАЖ: у планах — не здаваць пазіцый
28 марта 2012, 13:31

Лунінецкая філія БАЖ: у планах — не здаваць пазіцый

Справаздачна-выбарчы сход адбыўся ў Лунінецкай філіі ГА “БАЖ”.
Поделиться

Як прагучала ў дакладзе старшыні філіі Святланы Гарда, у справаздачным перыядзе філія працавала зладжана і актыўна, выступала ініцыятарам правядзення шэрагу мерапраемстваў.

На сённяшні дзень на ўліку ў філіі — 14 чалавек. Узрост – ад 21 да 70 гадоў. Большасць — супрацоўнікі газеты “Інформ-прогулка”, але ёсць і студэнты, і пенсіянеры — усе аб’яднаныя творчасцю і імкненнем да свабоды слова.

У выступах сябры арганізацыі гаварылі пра свой унёсак у агульныя справы філіі, пра ролю БАЖ у іх жыцці. Вікторыя Мікуліч заўважыла: “БАЖ дае стымул развівацца, імкнуцца да большага ў творчасці”. Вадзім Жылко: “Перашкодамі, а таксама спробамі дыскрэдытаваць арганізацыю наўрад ці можна запалохаць”. Сцяпан Нефідовіч: “Наша філія — гэта адна сям’я, дзе можна заўсёды разлічваць на падтрымку”.

Андрэй Вышынскі акцэнтаваў увагу на тым, што філія ладзіць стасункі з замежжам — не аднойчы брала ўдзел у спартыўных спаборніцтвах у суседняй Украіне. Андрэй Сыцін успомніў, што ў мінулым годзе ГА “БАЖ” з дапамогай сяброў з Лунінца выйграла футбольны турнір на прыз Андрэя Шырокава.

У рабоце схода прымалі ўдзел намеснікі старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец і Аліна Суравец.