Паром злучыць берагі Прыпяці
28 марта 2012, 13:23

Паром злучыць берагі Прыпяці

Аб паромнай пераправе праз палескую раку марылі не толькі лунінчане, столінцы, але і жыхары іншых раёнаў Беларусі, шляхі якіх вялі ва Украіну. І ў 2002-2003 годах было зроблена шмат.
Поделиться

Вось што пісала «Информ-прогулка» 25 ліпеня 2003 года: “Галоўны спецыяліст райвыканкама па надзвычайных сітуацыях Міхаіл Чарнавокі сказаў, што пры нармальным фінансаванні работы можна было б закончыць за 10-15 дзён. На сённяшні дзень завезена 560 тон горнай пароды і 536 тон шчэбеню. У РАПТ дарабляюць пантонныя секцыі, патрэбна на двух берагах пакласці бетонныя пліты”.

Гэтаму праекту не ўдалося ажыццявіцца. Выявілася потым, што няправільна былі зроблены берагавыя ўмацаванні, што перашкаджала суднаходству. Але ідэя паромнай пераправы жыла. І, дзякуючы праграме развіцця Прыпяцкага Палесся, такі праект зноў з’явіўся.

Зараз на лунінецкім беразе ракі вядуцца актыўныя работы. Пашпарт аб’екта мае такую назву: “Будаўніцтва парома на р.Прыпяць з прычалам у межах заказніка “Сярэдняя Прыпяць Лунінецкага раёна”. Заказчыкам з’яўляецца КУП “Лунінецкі раённае УКБ”.  Генпадрадчык — РУЭБП “Днепрабугводшлях”, Пінск”. Пачатак будаўніцтва ў снежні 2011 года і заканчэнне ў верасні 2012-га.

Як паведаміў галоўны інжынер  раённага ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Анатоль Клопат, ужо многае зроблена. Зараз набывае выразныя рысы прычал для прагулачнага кацера і парома. Дарэчы, грузападымальнасць будучага парома — 60 тон. Ён будзе буксіравацца кацерам. Паром і кацер ужо выраблены на Пінскім суднарамонтным заводзе.

На другім беразе ракі работ трохі менш. Будзе зроблены прыпаромная дарога і прыёмнік для парома. Калі фінансы дазволяць, дык добраўпарадкуецца пляж.