ТРАГЕДЫЯ
Трагедыя
Сілу ад сонца вясна набірае,
Кожнай былінцы свабоду дае.
А Каваленка Сяргей памірае,
Свечкай ахвярна ў няволі згарае
Ў самыя лепшыя леты свае.
Свет абуджае вясна маладая.
Свет банкетуе, сыцее, пяе.
А чалавек у бядзе галадае,
Ён у пакутах жыццё пакідае,
Ён у адчаі не есць і не п’е.
Мужнага голад смяротны з’ядае —
Скура ды косці, стаў лёгкі, як сцяг
Той, ім узняты у зорны прасцяг.
Ён, патрыёт, за яго ж прападае.
Сон не бярэ на калючых касцях!..
Несправядлівасць душа асуджае.
Ён не чакае ад ліха дабра,
Жаль, што жыццё сваё не ашчаджае,
Толькі ў народзе ратунку чакае!
Што ж той народ?..
Бы вады ў рот набраў!
Дзе ж Ты, Ўсявышні?
Дзе зрок Твой нядрэмны,
Усемагутны, Праўдзівы, Святы?
Хіба не бачыш, дзе судзяць дарэмна?
Хіба не бачыш, хто ў муках страшэнных?
Злітуйся, Божа ласкавы, хоць Ты!
17-26.03.2012
* * *
А чыйсьці брат, а чыйсьці любы…
О, колькі тысяч абылганых
І тайна звозімых на згубу
Закатавана, закапана!
Не ўцёк ніхто з жывых ахвяраў
Ад інквізітараў чырвоных.
Чаму ж няма забойцам кары?!
І дзе паклёпнікаў імёны?
Маўчаць суды, маўчаць архівы
І следчыя, хоць сведкаў — мноства.
І дажываюць век шчасліва
Арганізатары забойстваў.
Азарт і перамога
Вікторыя Азаранка,
Твой поспех — подзвіг твой.
Умелая, азартная,
Твой тэніс — хараство!
Дух цвёрды стаўся фактарам
Удач у барацьбе.
Майстэрства і характару
Не пазычаць табе.
Азаранка Вікторыя,
Цябе шануе Бог.
Ты — ява і гісторыя
Бліскучых перамог.
28-29.01.2012
Эмацыйная і сардэчная
Вікторыя Азаранка, азартная у тэнісе,
Я заўсёды прагнуў тваіх перамог
На кортах планеты.
Радаваўся за поспехі, засмучаўся няўдачамі.
Часам не шанцавала, ты ажно ламала ракетку.
Я адчуваў тваё сэрца гарачае, адчуў яго асабліва
Пасля таго як наведала ты
Ў Бараўлянах дзяцей нешчаслівых
І з Каралінай Вазняцкі —
Пасля відовішчнага з ёю матча —
Ахвяравала грошы на іх лячэнне.
Я ўбачыў вочы твае, поўныя слёз,
Чуў, як голас дрыжаў, калі ты прамаўляла.
Ты, відаць, зразумела,
Якое чубатае беларускае гора,
А шчасце, калі яно ёсць, нейкае лысае дужа.
Мне так імпануе, што ты,
Адна з наймацнейшых спартсменак Зямлі, —
Душою прыгожая, не толькі лікам;
Краса тая будзе людзей ратаваць,
Перамоганосная Віка!
2011