Вербніца

Свята празвалі Вербніцай таму, што сімвалам яго з`яўляецца вярба, а дакладней, асвячэнне вярбовых галінак.
Вербы — самыя распаўсюджаныя на Палессі дрэвы і кустарнікі (іх некалькі відаў). Растуць каля вады або ў нізкадолах. Першымі ў прыродзе вясной распускаюць свае кветкі — белыя ці шэрыя, так званыя коцікі, якія праз тыдзень-другі расквечваюцца жоўтым колерам; за імі распускаюцца лісцікі. Вядома, што ў народнай культуры нашых далёкіх продкаў вярба з`яўлялася сімвалам хуткага росту, набіраючага моц жыцця, урадлівасці, плоднасці і добрага здароўя.
Свята ўшанавання вярбы вядзецца з дахрысціянскіх часоў. У традыцыйнай культуры яно было звязана з чарговым перанараджэннем прыроды пасля зімовага спачыну. Славяне ў дадзеным выпадку выбралі для асабістага ганаравання вярбу, бо яна раней за астатнія дрэвы адгукаецца на веснавое цяпло, цешачы вока чалавека залацістым першацветам — прыгожымі коцікамі.
З прыняццем хрысціянства вярба стала прадвесцем уваскрашэння Ісуса Хрыста. За тыдзень да Вялікадня (Пасхі) ў хрысціянскім свеце святкуецца Уваход Гасподні ў Іерусалім. Свята звязана з евангельскімі падзеямі. Перад прыездам сюды Ісус звяршыў некалькі цудаў, найвялікшы з якіх — уваскрашэнне памерлага тры дні таму Лазара. Погалас пра Сына Божага ішоў паўсюдна. Таму, калі Ісус прыйшоў у Іерусалім, жыхары сустракалі яго як самага дарагога госця, усцілаючы дарогу пальмавымі галінкамі. Хрысціянская царква надзяліла гэтую падзею статусам вялікага свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелікодную нядзелю. Толькі замест пальмавых галінак славяне выкарыстоў-ваюць у сваіх абрадах вярбу.
У Вербную нядзелю ў царкве асвячваюць галінкі гэтага дрэва. Спрадвек вялося, што, прыйшоўшы з храма, тымі галінкамі сцябалі членаў сям`і і прыгаворвалі:
Не я б`ю — вярба б`е,
За тыдзень — Вялікдзень.
Будзь здароў, як зіма,
Будзь вясёлы, як вясна.
І дай жа Божа
Табе ўсё гожа!
Людзі верылі і вераць, што асвячаная вярба дае моцы, ахоўвае людзей і жывёл ад злых духаў, дом — ад пажару. пасевы — ад граду. З вярбой праводзяць першы выган жывёлы на пашу. У абаронных мэтах галінкі вярбы вешаюць у хлявах, а ў хаце трымаюць за абразамі.
Вербніца — свята пераходнае, прымеркавана да Вялікадня. У гэтым годзе яно прыпадае на 8 красавіка.