Бяроза белая

Бяроза белая

13 апреля 2012, 13:36
3265
Толькі з лагчыны і зацішкаў знік апошні снег і толькі з чарады халодных сакавіцкіх дзён выдалася пара цёплых, сонечных - пачалі ажываць бярозы. На жаль, адразу ж да іх пацягнуліся аматары бярозавіку: хто са свярдзёлкам, хто з долатам, а хто і з сякерай. Не адна бяроза заплакала.

А вось набухлі, потым сталі лопацца пупышкі — і з іх выскачылі клейкія, з салодкім і церпкім пахам зубчатыя лісточкі. А неўзабаве дрэвы ўжо апрануліся ў далікатнае зялёнае ўбранне. Па прыкметах, салаўі прылятаюць, калі можна папіць расы з бярозавага лісціка.

Спрадвек народ любіць бярозу за мілы воблік і за дабро, якое яна шчодра дарыць людзям, бо шмат значыць у нашым жыцці прыгажуня беларускіх лясоў. А таму колькі песень пра яе складзена народам, колькі вершаў напісана паэтамі! І ўсё павязана з бярозай: і салаўі, і каханне, і радасць, і слёзы. А як пяшчотна завуць яе: бярэзінка, бярозачка (у рускіх — берёзонька); а колькі сінонімаў: яна — дзяўчыначка і нявеста, прыгажуня і краса! І нават кроны бярозы сталі дэталямі мастацкай вартасці, сімваламі: галіны — косы, а сама бяроза — кучаравая.

Між іншым, бяроза — добры сіноптык. Хочаце ведаць, якое ў гэтым годзе лета будзе? Паназірайце за бярозамі, яны чутка рэагуюць на ўсе змены ў прыродзе. Сок пусцяць раней, чым клён, — сухое, пазней — даждлівае. Калі вясною бяроза перад вольхаю ліст распусціць — лета будзе сухое, калі вольха наперад — мокрае. Даждлівае лета будзе і тады, калі вясной з бярозы цячэ шмат соку. А якой будзе вясна, бярозы расказваюць восенню. Лісці пачынаюць жаўцець з верхавін — позняй, а калі раўнамерна — сярэдняй. І зіму бярозы могуць прадказаць. Адна з прыкмет: у пачатку кастрычніка з яе ліст не апаў — снег ляжа позна.

А яшчэ бяроза — лекар; упадабаны народны сродак — сок і настойкі з пупышак і маладых лісцікаў — лечыць ад шматлікіх хвароб. Так што гэтае дрэва заслугоўвае любові і пашаны ў кожнага з нас.