Быць сумленным…

Быць сумленным…

13 апреля 2012, 13:25
900
Ужо трэці год запар Лунінецкая філія Беларускай асацыяцыі журналістаў сумесна з сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў ладзіць у веснавым Лунінцы круглы стол, чый дэвіз сёлета гучаў “Творчасць: канфармізм або незалежнасць?” На імпрэзу, сумешчаную з літаратурнай вечарынай, былі запрошаны мясцовыя літаратары, педагогі, вучні, маладыя і сталыя журналісты, а таксама некалькі творчых асоб з іншых рэгіёнаў (і нават краін).

Па звыклай завядзёнцы спачатку коратка прадставім гасцей Лунінца. Дарэчы, усе пяцёра ў розны час друкаваліся на старонках “Информ-прогулки” і “Газеты па-лунінецкі”.

Мікола Сянкевіч сёлета ў лютым адзначыў сваё 55-годдзе. Нарадзіўся на хутары (якога цяпер не існуе) у Драгічынскім раёне. Пасля тэхнічнага вучылішча і службы ў войску скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута, 13 год настаўнічаў (у пачатковых класах), з 1995 года працуе выкладчыкам Брэсцкага універсітэта імя Пушкіна. Аўтар навуковай манаграфіі, вучэбнага дапаможніка, а як літаратар — кніг прозы “Усё як было”, “Хутар Паянтрый”, “Незваротны шлях”, кнігі паэзіі “Мае пракосы”. У 2007 годзе М.Сянкевіч быў уганараваны званнем “Берасцейская зорка”.

Лявон Валасюк нарадзіўся ў 1955 годзе ў Кобрынскім раёне, у восем гадоў з сям’ёй пераехаў у Брэст. Пасля школы быў слесарам на заводзе, служыў у Савецкай Арміі ў Будапешце, скончыў архітэктурны факультэт, працаваў ва ўпраўленні культуры, мастаком-дызайнерам (не аднойчы, дарэчы, выконваў працы і ў Лунінцы). Аўтар паэтычных зборнікаў “Блики дня”, “Краски души”, “Под знаком Стрельца”, “Леониды”, “Чырвоная вежа”, “Познія сны”, “Знакі на валуне”, кнігі прозы “Сцежкі да сядзібы”. Лаўрэат літаратурнай “Мядовай прэміі-2008”.

Аляксей Галаскок жыве ў Ганцавічах, падпалкоўнік у адстаўцы. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў Зэльвенскім раёне. Аўтар кніг паэзіі “У жыцці для мяне ўсё не проста”, “Не шкадуюць мяне мае вершы”, “Я шчаслівы”, кнігі для дзяцей “Суд над сарокай”. У 2008 годзе ён ужо выступаў перад лунінецкай аўдыторыяй.

Ірына Ляшкевіч жыве і працуе ў школе роднай вёскі Мачуль, што на Століншчыне. Маючы не толькі эканамічную адукацыю, але і музычную, выкладае творчыя прадметы, кіруе ўзорным дзіцячым фальклорным ансамблем “Згадка”, які добра ведаюць у Столінскім раёне і далёка за яго межамі — калектыў не аднойчы выступаў на тэлебачанні. Займаецца краязнаўствам, склала сярод іншага радавод свайго шляхетнага роду за некалькі стагоддзяў. У 1998 годзе заняла трэцяе месца на рэспубліканскім літаратурным конкурсе “Дэбют”, а праз два гады выдала кнігу вершаў “Сувой”. Дарэчы, Ірына Мікалаеўна выгадавала чацвярых дзяцей.

Міхаіл Нардштэйн нара-дзіўся ў 1930 годзе на Міншчыне, але дзяцінства правёў у Падмаскоўі. Пасля гісторыка-архіўнага інстытута быў накіраваны працаваць у Сібір. Праз нейкі час звязаў лёс з арміяй — артылерыст, потым ваенны журналіст, служыў ад Сахаліна да Мінска. У гады перабудовы папулярнымі былі ягоныя артыкулы па гісторыі ў “Знамени юности” ды іншых мінскіх газетах. Рэдагаваў газету “Авив”, а з 1999 года жыве ў Германіі. Аўтар двухтомнай кнігі мемуараў “Рубиконы”. На Лунінеччыну завітаў не ўпершыню.

Удзельнікі вечарыны не толькі чыталі свае творы, але і выказаліся на тэму круглага стала. Сапраўды, ці можа творца, мастак быць незалежным ад не заўсёды спрыяльнай рэчаіснасці і ці варта падпарадкоўвацца ёй? Дзе мяжа паміж непазбежным улікам рэальных абставін і кан’юнктурным “прыстасаванствам”? Удзельнікі сустрэчы шукалі свае адказы на гэтыя пытанні.

Напрыклад, Лявон Валасюк лічыць, што творчая праца непазбежна патрабуе пэўнай адасобленасці ад “жыццёвай мітусні”, але поўнасцю ігнараваць “навакольнае асяроддзе” немагчыма. Галоўнае, каб мастак прытрымліваўся ў сваёй дзейнасці прынцыпаў сумлення, не схіляўся перад тым ці іншым негатыўным ціскам…

Аб маральнасці літаратара выказаўся і Мікола Сянкевіч: трэба пісаць так, каб потым не было сорамна перад чытачамі.

Аляксей Галаскок і Міхаіл Нардштэйн прывялі шэраг прыкладаў са свайго вайсковага мінулага, калі тыя ці іншыя камандзіры спрабавалі прымусіць іх паступаць несправядліва, і тут вельмі шмат залежала ад асабістых якасцей, ад мужнасці і прынцыповасці. Асабліва эмацыйным быў выступ М.Нардштэйна, які перакананы, што прыстасаванства непазбежна рана ці позна “забівае” творчую асобу…

Ірына Ляшкевіч адзначыла, што на творцу часта ціснуць не толькі тыя ці іныя палітычныя або эканамічныя абставіны, але і звычайная “проза жыцця”, побытавыя цяжкасці, хранічны недахоп часу. Тым не меней, сапраўдная творчасць усё ж прабівае сабе дарогу…

Не толькі слухачамі, але і ўдзельнікамі дыскусіі былі лунінецкія літаратары, журналісты, педагогі, у тым ліку Сцяпан Нефідовіч, Іван Панасюк, Віктар Пінігін, Рыгор Жук, Аляксандр Хаўдзееў, Віктар Філатаў, Мікола Ільючык, Святлана Гарда, Алена Ціхамірава ды іншыя. Выснову аб карыснасці такіх традыцыйных творчых сустрэч падтрымалі ўсе ўдзельнікі вечарыны.