Ахова здароўя і сацыяльныя стандарты

Ахова здароўя і сацыяльныя стандарты

19 апреля 2012, 09:17
681
Вядома, што і ў нашым раёне ўкараняюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне аховы здароўя па абслугоўванні насельніцтва. Аб гэтым паведамляецца рэгулярна на спецыяльных стэндах. У прыватнасці, ёсць такі стэнд і ў раённай паліклініцы. Але яго не так проста знайсці. Знаходзіцца ён на першым паверсе ў самым канцы калідора каля касы і выхаду з памяшкання. Простаму наведвальніку ўчытацца ў лічбы даволі складана.

Але паспрабуем. Мне дапамагла загадчыца арганізацыйна-метадычнага кабінета Таццяна Пятроўна Баброўнік.

З пачатку года прайшло больш за тры месяцы. Урачамі абслугоўваецца 72.001 жыхар Лунінеччыны. Гэта сярэднегадавая прагнозная колькасць насельніцтва. Дык вось, урачы агульнай практыкі аказваюць медыцынскую дапамогу 13.976 чалавекам. Кола абслугоўвання людзей участковымі тэрапеўтамі шырэй — 44.392 жыхароў раёна. Пад апекай участковых педыятраў знаходзіцца 13 тысяч 633 чалавекі.

Які ж малюнак са спецыялістамі? Штатных адзінак урачоў агульнай практыкі — 10. Яны заняты васьмю фізічнымі асобамі. Пасад участковых тэрапеўтаў — 27,25. Занята 25,75. Рэальна спецыялістаў 24. Дванаццаць участковых педыятраў займаюць 18 штатных адзінак.

На аднаго жыхара ў сістэме аховы здароўя ў год плануецца патраціць 1.184.955 рублёў. Гэта 296.239 рублёў на квартал. За першыя тры месяцы патрачана 277.342 рублі. Як бачым, крыху сэканомілі.

Усяго маецца 571 бальнічны ложак. Нарматыў — 9 ложкаў на 1 тысячу жыхароў. Фактычна ёсць 7,9. Брыгад хуткай дапамогі налічваецца 6,5.  Гэта адна брыгада на 11.077 жыхароў. А патрабуецца адна на 12,5 тысячы. Тут крыху ёсць прагрэс.

Пра аптэкі і пункты рэалізацыі медыкаментаў. Іх маецца 16. Гэта без аптэчных кіёскаў. Таму адна аптэка фактычна абслугоўвае чатыры з паловай тысячы жыхароў. Нарматыў жа — адна аптэка на 8 тысяч. Таксама станоўчы вынік.

Аграгарадкі. Іх на 1 красавіка гэтага года здадзена ў эксплуатацыю 18. У дванаццаці аграгадках працуюць аптэкі і пункты рэалізацыі медыкаментаў.

Аўтатранспарт. 11 урачэбных амбулаторый маюць па адным аўтамабілі. Гэта па норме і фактычна. Адна бальніца сястрынскага догляду таксама мае аўтамабіль. Восем участковых бальніц па нарматыву павінны мець па 2 аўтамашыны. Фактычна маюць па адной.

Ёсць ва ўстанове аховы здароўя “Лунінецкая ЦРБ” і тэрытарыяльная праграма. Яна прадугледжвае хуткую медыцынскую дапамогу, наведванне жыхароў урачамі, фельчарамі, работу стацыянараў, кругласутачныя ложкі і г.д.

Папярэдне плануецца, што ў 2012 годзе будзе 21.600 выклікаў хуткай неадкладнай дапамогі, што значыць 300 на 1000 жыхароў. Што маем за 3 месяцы? Фактычна было выклікаў 5.666, што складае 26,3%. Крыху перакрыты сярэднеквартальны паказчык.

Меркавалася, што за год зваротаў да ўрачоў будзе 716.410. За два зімовыя і адзін веснавы месяцы іх было 213.151. Гэта 29,8% да папярэдняга плана.

Наведванняў урачамі хворых дома папярэдне намечана 108 тысяч. За квартал такіх было 22.707, што адпавядае 21,1%.

Фельчарскіх наведванняў у гэтым годзе плануецца 140.602. За першы квартал іх зафіксавана 45.786, што складае 32,6%. Перавышэнне сярэднеквартальнага паказчыка на 7,6%.

Кругласутачную стацыянарную дапамогу ў гэтым годзе, па папярэдніх разліках, атрымаюць 15.840 чалавек. За першыя тры месяцы такую дапамогу мелі 4.572 жыхары раёна. Гэта 28,9% да прагнозу.

А якая санітарна-тэхнічная забяспечанасць арганізацый аховы здароўя? 11 урачэбных амбулаторый, адна бальніца сястрынскага догляду і 4 участковыя бальніцы маюць праточнае водазабеспячэнне, гаспадарча-бытавую каналізацыю, сістэму вадзянога ацяплення і прыточна-выцяжную вентыляцыю. У аграгарадках, якія здадзены ў эксплуатацыю, дзейнічае 8 урачэбных амбулаторый, 4 участковыя бальніцы і 6 фельдшарска-акушэрскіх пунктаў. Толькі  ў  адной  участковай  бальніцы  і  ў  5  ФАПах няма прыточна-выцяжной вентыляцыі. Гэта сітуацыя за першы квартал гэтага года.

Последние новости