Падаюць яблыкі
26 апреля 2012, 13:45

Падаюць яблыкі

Поделиться

* * *
Падаюць яблыкі. Яблыкапад:
сіла зямлі пакідае мой сад.
Скочваннем звілістым ці стрымгалоў
яблык за яблыкам — з голля далоў.
Горкі, падгнілы або сакаўны —
паданак падае ў пыл, палыны…
Атарапеласцю — смутак двара:
яблыкам падаць яшчэ не пара;
ім налівацца было б самы раз —
не ля варот яшчэ яблычны спас.
Гнуцца галіны ў суседніх садах,
моцны, крамяны, мядовы там пах,
рала з антонамі цяжкімі прут
гордым атлантам трымае. А тут
падаюць яблыкі. Яблыкапад
губіць адзіны радзінны мой сад.
Вось-вось пачне шорстка падаць лісцё,
ліст абляціць — і застыне жыццё
не на зіму, ды і не на гады:
саду майму не вярнуцца сюды,
як не вярнуліся продкі мае…
Сад мой бязлюдны, час наш настае.
Голля, бы рук, не заломвае сад,
свеціць з паўзмроку ягоны пагляд
зрэнкамі яблык з-пад веяў лісця:
жаль у ім ёсць, ды няма страхацця.
Зведаў пад бурамі ён, што і ў дрэў —
час толькі свой, хоць знянацку заспеў,
дык і сыходзіць (і я разам з ім)
яблык за яблыкам — крокам глухім.
Ціхі, без ляманту яблыкапад…
Дзякуй за еднасць,
мой спадчынны сад.

* * *
Свісне рак — і ўсё. І ўсё збудзецца!
Хто адвеку спаў, той абудзіцца,
блудны сын дамоў тут жа вернецца,
у вачах сляпцоў змрок развеецца.
Будзе так: бядняк есць папоўніцы,
вольным — воля свет, здольным — творыцца.
Дым з фабрычных труб пахне свежасцю,
кожны ў полі дуб — роўны з вежаю.
Хто піў моцнае — п’е маркоўнае,
і паўсюль усе — памяркоўныя.
Аж круцель-хіжак стане правільным,
і памірацца Каін з Авелем…
— Дзе ж ты, рак, аднак? Ці не свішчацца?
— А табе, лайдак, лёгка пішацца?

Памкненне
Яшчэ што вартага ўва мне
і што жывога засталося,
змяшаць з віном на палыне
і выплюхнуць у выскал лёсу.
І кінуць выклік, прасвятлець,адчуць,
што зноўку стаў сабою…
О, каб пасля і сілу мець
Не адцурацца ад двубою!

Ісціна
Як духу ўзлёт не мае столі,
так духу ўпад не мае дна.
Хто зведаў ісціну спаўна,
калі ні дна няма, ні столі?..
Што ж ісціна? Мо ў тым яна,
што маем выбар — выбар волі:
ці ўзлёт, які не мае столі,
ці ўпад, які не мае дна!