Чарвівы яблык

Чарвівы яблык

04 мая 2012, 08:37
783
Мініацюры

Уваходжу ў дызель-поезд. Сёння — субота. У людзей выхадны дзень, а таму шматлюдна. Месца, каб сесці, мала. Позіркам вышукваю свабоднае, бачу — ёсць. Сеў насупраць дзяўчыны. Але то прыгожая — любата, ну ўсё пры ёй — шыкоўная куртка бэзавага колеру, прычоска, смуглы змазлівы тварык, удалы макіяж, а з-пад кароткай спадніцы — ногі, бы адточаныя на заказ.

Крыху няёмка было, але даводзілася яе разглядаць. Думаў: “От нехта шчаслівы будзе! Такой жонкай і любавацца, і мілавацца можна”.

Але недзе на паўдарозе да горада зазваніў яе мабільнік. Пачала гаворку — і пасыпаліся яе дзявочыя, кароткія, але хуткія, як стрэлы, фразы. Гаварыла нягромка (людзі ж кругом), але кожная рэпліка грымела ў маіх вушах, бо кожная з іх была праслоена такой лексікай, што я, шмат дзе бываючы, яшчэ не чуў: адна брыдкасловіца.

Размова скончылася. Дзяўчына сядзела, як і раней, бы ні ў чым не бывала, а я ўжо глядзеў на яе, як на вельмі прыгожы яблык, але ўвесь чарвівы і нягодны для яды.

Давярай ды правярай

Яны, муж ды жонка, да старасці пражылі дружна. Але жонка раптам памерла, застаўся сам. Ёсць дачка, паехала калісьці на Украіну ў заробкі, там выйшла замуж, прыжылася, таму сюды і не пераехала жыць. Адзінота — сумота. Толькі і ратавала тое, што суседзі кампанейскія, адчуваў сябе як сярод радні.

На другім годзе ўдаўцовага жыцця знайшлася жанчына. Нашмат маладзейшая, прыгожая. Пачала часта наведвацца.

Суседзям прызнаўся: “Жаніцца буду. Жанчынка хоць і нашмат маладзейшая, але мяне любіць. Талковая, працавітая: і варыць, і прыбірае, і пра здароўе маё клапоціцца. Рашылі сысціся, распісацца”.

А суседка — жанчына разумная, адразу ж скеміла і дала параду: “Кажаш, любіць? А ты правер, ці любіць. Быццам ненарокам, скажы, што дом твой дачцэ падораны”.

Ён так і зрабіў: завёў размову і мімаходзь, так кораценька, сказаў пра дом.

І куды дзелася любоў! Жанчына заспяшалася: маўляў, нейкая справа дома ёсць…

І больш не з’явілася.

Прытча (з народнага)

Жыў чалавек, цяжка жыў, працаваў штодзень і апроч працы нічога і нікога не заўважаў, а багацця вялікага так і не прыдбаў. І не заўважыў, як старасць надышла. Ён да Бога. Кажа:

— Дай мне яшчэ пажыць.

— А колькі? — пытаецца Бог.

— Столькі, колькі лістоў на дрэве.

— Многа.

— Ну, тады столькі, колькі яблыкаў на яблыні.

— Многа… Але, ладна, я дабаўлю столькі гадоў, колькі сяброў маеш, і столькі, колькі добрых спраў зрабіў.

Азірнуўся мужык і жахнуўся: заняты паўсядзённай працай, ні сябраў не займеў, ні добрага нічога не зрабіў, бо жыў дзеля сябе.

Так і памёр “без дабаўкі”.