Душы цудоўныя парывы

Душы цудоўныя парывы

Няшмат у нашым грамадстве людзей творчых, прасякнутых любоўю да музыкі і паэзіі. Мала іх і ў навучальных установах. Але пра Лунінецкі ліцэй гэтага не скажаш. Бо тут, хаця і вялікая цякучасць (навучаюцца толькі дзясятыя і адзінаццатыя класы), але пастаянна выяўляюцца таленты і штораз праз кожныя два гады выдаецца альманах паэзіі “Натхненне”.

Для кожнага чалавека важна падзяліцца сваімі здабыткамі, пачуць водгукі на свае творчыя работы. І дзеля гэтага ў ліцэі быў створаны такі альманах, які выклікаў цікавасць у вучняў, матывацыю да творчасці, натхненне на новыя творы.

Змястоўнасць зборнікаў залежыць ад падбору творчых вучняў. Бадай самым удалым быў трэці па ліку, дзе ў вершах Яніны Грыцкевіч, Анастасіі Храпуцкай, Уладзіслава Самусевіча, Таццяны Невядоўскай і Віталіны Рыжак прысутнічалі адточаныя радкі, асабісты стыль; некаторыя творы — высокага ўзроўню.

Нядаўна з’явіўся альманах №6. У ім змешчаны вершы чатырох вучняў ліцэя: Вольгі Жук, Станіслава Скачынскага, Фёдара Сініцкага і Настассі Пясоцкай.

Значнае месца ў зборніку займаюць вершы патрыятычнай тэматыкі. Асабліва ідэяй любові да Радзімы прасякнуты творы Федзі Сініцкага. “Мая Радзіма”, “Родная мова”, “Любоў мая, Беларусь!” — назвы гавораць самі за сябе.

Дзеці не зведалі вайны, але шмат чулі пра яе, бачылі ў фільмах, а таму балюча адгукнуліся на гэту тэму Стас Скачынскі і той жа Сініцкі. У вершах астатніх аўтараў прэваліруюць тэмы роднай прыроды і людской дружбы.

Хочацца пажадаць і паэтам-ліцэістам, і іх кіраўніку Валянціне Канстанцінаўне Казун далейшага творчага натхнення і ўдалых вершаў.