Ваўчыца

Ваўчыца

10 мая 2012, 11:26
530
Сёлета споўнілася б 75 гадоў баранавіцкаму паэту Анатолю Іванавічу Станке-вічу (1937-99). У памяць аб сваім сябры літаратар і краязнавец Міхась Маліноўскі прапанаваў нашаму выданню наступны верш А.Станкевіча.

Святкавалі вяскоўцы калядкі.
Праз цямрэчу — далей ад жытла —
Дзеўка Зося сваё немаўлятка
На загубу ў хвойнік нясла.
Ціха спала дзяўчынка Алеся.
Вось і дрэвы пад ветрам гудуць.
Палажыла на ўскрайку лесу:
Хай ваўкі дзіцянятка з’ядуць…
Моцна плакала ў лесе дзяўчынка
(Збегла маці — каза-дзераза…),
Падпаўзла да яе ваўчыца,
Стала слёзныя шчокі лізаць…
Раніцою ішоў паляўнічы.
Чысціў неба сярпом маладзік.
…І чаму ж не баіцца ваўчыца?..
Чаму болем у вочы глядзіць?
І чаму ўсё ж яна не ўцякае?
Не шкадуе свайго жыцця?
Грымнуў выстрал. І кроў сцякала
На сагрэтае зверам дзіця…