Формула сяброўства

Формула сяброўства

24 мая 2012, 12:55
1293
Дні беларускай і шведскай літаратуры, што ладзяцца ў Беларусі з 2002 года, тройчы ўключалі ў сваю праграму Лунінеччыну. Сёлета ж нашы землякі былі запрошаны на гэтую імпрэзу ў Брэст. Туды і накіраваліся Мікола Ільючык, Людміла Хмялеўская, Вадзім Жылко і Віктар Пінігін…

Сёлетняе літаратурнае свята мела дэвіз “Крокамі Адама Міцкевіча” і праходзіла на працягу некалькіх дзён у Мінску, Наваградку, Бярозе і Брэсце (а потым — у Варшаве і Кракаве). Што да брэсцкай часткі, то асноўныя падзеі разгортваліся ў абласной бібліятэцы імя М.Горкага. Тут госці, шведскія і беларускія літаратары, далі прэс-канферэнцыю для СМІ. Потым адбыўся семінар “Формула творчасці: час і слова” (вядучы — навуковец і паэт Генадзь Праневіч) з удзелам Святланы Алексіевіч і Алеся Разанава.

Наступным этапам стаў фінальны тур конкурсу моладзевай паэзіі. Са 182 прэтэндэнтаў з усіх куткоў вобласці журы адабрала 14 фіналістаў, якія выступалі з уласнымі вершамі. У выніку паездку ў Швецыю выйгралі навучэнкі Дар’я Пыж’янава з Белаазёрска і Вера-ніка Сідарук з Брэста.

А потым настала чарга ўласна літаратурнай вечарыны. Са шведскага боку ў ёй бралі ўдзел паэтэса і драматург Ліна Экдаль, празаік і публіцыст Анэлі Юрдал, дзіцячая пісьменніца і мастачка Сара Лундберг (у якой, дарэчы, якраз быў дзень народзінаў), прадстаўніца Саюза пісьменнікаў Швецыі, дзіцячы літаратар Кайса Гордан ды інш. З беларускага — вядомыя ў свеце творцы Святлана Алексіевіч і Алесь Разанаў, чые творы перакладзены на дзясяткі моваў, паэтэса і даследчыца літаратуры з Мінска Ірына Багдановіч, літаратар Юрась Барысевіч, які засяродзіўся на міжэтнічных кантактах паміж нашымі народамі, пачынаючы з сівой даўніны. Вяла вечарыну ўраджэнка Лунінца Аксана Спрынчан, якая таксама прачытала некалькі сваіх вершаў, у тым ліку прысвечаны нашаму гораду і яго чыгунцы (дарэчы, другі верш Аксаны, “Ты пахнеш Лунінцам”, ужо перакладзены на шведскую мову і ўключаны ў маляўнічы буклет, выдадзены да сёлетніх літаратурных дзён, так што пра Лунінеччыну цяпер будуць ведаць і скандынавы…).

Сярод традыцыйных арганізатараў свята — Шведскі інстытут, журналістка і фотамастачка Марыя Сёдэрберг, пінскае грамадскае аб’яднанне “Калегіум”, а таксама Брэсцкі аблвыканкам, Брэсцкая бібліятэка імя Горкага ды іншыя арганізацыі з абедзвюх краін.

Последние новости