Расказала знаёмая жанчына.
«Гэта было ў маладыя гады, дзеці яшчэ школьнікамі былі. Неяк вечарамі мой Міша стаў ненадоўга адлучацца з дому. Западозрыла, што ходзіць да другой. Паскардзілася суседцы, а тая зрабіла вывад: «Ну, да каго ж можа тут хадзіць? Вядома, да Кацярыны. Да тае мужчыны шастаюць».
Перад тым, як ішла да суседкі, Мішы дома не было. Дык, не вяртаючыся назад, я подбегам — да Кацярыны. Тузь за дзверы — не зашчэплены. Я ў хату — бачу: двое, цешацца.
У хаце прыцемак, але я яе пазнала першую і ў адну морду — плясь!, у другую — таксама! А ён выскачыў за дзверы, я — за ім. Пакуль ў двары валтузіўся са штанамі, паспела схапіць каля ганка нейкую палку і два разы так здзямежыла па плячах, што аж завойкаў і знік у цемры.
Іду дадому і думаю: «Я табе яшчэ і дома дабаўлю»… Прыходжу, а там Міша, брат яго Лёша і сусед Васіль у карты гуляюць. Кажуць: «Мы, Ксенька, доўга не затрымаемся, бо дзецям яшчэ трэба ўрокі вучыць».
…Што ўчыніла разбой, доўга нікому не прызнавалася. І толькі пазней — мужу, а праз гады — Кацярыне, і выявіла, хто то быў».
Краля
Да поезда заставалася няшмат часу, а таму развітваюцца ў спешцы.
Нявестка, ужо адышоўшы на некалькі крокаў, холадна працадзіла праз зубы «До свидания», стаіць, чакае. Пад белай кофтачкай — выпучаныя грудзі, пяшчотныя плечыкі, на мілавідным твары — сімпотны носік, а з-пад вытанчаных брывей — халодны позірк.
Сутулая, спрацаваная свякроў абдымае ўнучку, дае «буську». Мама-нявестачка патароплівае: «Ничка, скорее! Времени мало».
А калі муж — прасцецкі, са шчырай душой хлопец — абхапіў матулю і пацалаваў, не ўтрымалася: «Ну вот, спектакль устроили. Ещё слёзы пустите».
Адышоўшы за сотню метраў, сын яшчэ раз азірнуўся, махнуў рукою, а нявестка, трымаючы Ніку за руку, раўнамерна цокала абцасікамі па асфальце.
Услед ім сумна глядзелі матчыны вочы.
Падумалася: колькі такіх, незадаволеных мужавай маткай, маладзічак, з гадамі разбураюць сыноўнія адносіны, і маткі, што ўклалі ўсё ў сваё дзіця, на старасці застаюцца бездапаможнымі і самотнымі.