VIII з’езд ГА “БАЖ”
24 мая 2012, 12:55

VIII з’езд ГА “БАЖ”

адбыўся 18 мая ў Мінску
Поделиться

Як было адзначана ў справаздачным дакладзе, БАЖ садзейнічае рэалізацыі грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных, культурных і прафесійных правоў і законных інтарэсаў сябраў арганізацыі, іх творчаму самавыяўленню і росту прафесійнага майстэрства; стварэнню ўмоваў для забеспячэння свабоды слова і друку, права на бесперашкоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі; абароне правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафесійнай журналістыкі.

Прыкметай апошніх двух гадоў, як прагучала, сталі масавыя затрыманні журналістаў.

Найбольшыя парушэнні правоў сябраў арганізацыі адбыліся падчас прэзідэнцкіх выбараў, а таксама летніх акцый пратэсту 2011 г., што ладзіліся праз сацыяльныя сеткі («акцыі маўчання»). Усяго ў часе «акцый маўчання» было зафіксавана як мінімум 95 (дзевяноста пяць) выпадкаў затрымання журналістаў па ўсёй Беларусі. Затрыманні праводзіліся жорстка, часам са збіццём журналістаў і пашкоджаннем іх прафесійнай тэхнікі. 22 з журналістаў, затрыманых у часе гэтых акцый, прайшлі праз суды, большасць з іх (13 чалавек) былі асуджаныя на адміністратыўны арышт, астатнія атрымалі штрафы. Усяго за 2011 г. ГА «БАЖ» зафіксавала больш за 150 выпадкаў затрымання журналістаў падчас выканання імі прафесійных абавязкаў. Як мінімум 7 журналістаў пацярпелі ад фізічнага гвалту.

Гаварылася і пра тое, што 2011 г. быў адным з самых складаных для беларускай незалежнай журналістыкі. Сярод іншага, ён характарызаваўся спробамі ўлады закрыць шэраг СМІ.

Сёння традыцыйнымі праблемамі застаюцца доступ да інфармацыі і ўмовы працы журналістаў.

Адзначалася, што асобны фактар, які ўплывае на развіццё медыясферы, — гэта імклівае развіццё інтэрнэту.

У апошнія гады інтэрнэт і сацыяльныя сеткі сталі ўніверсальнай магчымасцю распаўсюду інфармацыі. На сённяшні дзень мы смела можам казаць, што незалежныя інтэрнэт-рэсурсы займаюць асноўную пазіцыю ў гэтай сферы. Многія анлайн-выданні ў 2011 г. прадэманстравалі павелічэнне аўдыторыі ў 2–3 разы.

У сваіх выступах сябры арганізацыі прыйшлі да высновы, што, нягледзячы на цяжкасці, у справаздачны перыяд арганізацыя захавала ўстой-лівасць і свае прынцыпы.

Старшынёй арганізацыі адзінагалосна абрана Жанна Літвіна. Намеснікамі старшыні сталі Андрэй Бастунец, Аляксандр Старыкевіч, Аліна Суравец і Святлана Калінкіна.

У склад Рады БАЖ увай-шла старшыня Лунінецкай філіі Святлана Гарда.