Друкаванае слова пакідае след на стагоддзі

Друкаванае слова пакідае след на стагоддзі

31 мая 2012, 13:00
644
У Белавежскай пушчы 23 мая прайшла ганаровая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў штогадовага спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб`яднаных, гарадскіх і раённых газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў вобласці за 2011 год.

Гэты год, як і мінулы, нельга назваць лёгкім, зазначыў у час выступлення старшыня Брэсцкага аблвыканкама Кастанцін Андрэевіч Сумар. Але вынікі работы народнагаспадарчага комплексу вобласці ў першым квартале даюць падставы спадзявацца на лепшае. Расце прамысловая і сельскагаспадарчая вытворчасць. Значна вырас экспарт тавараў і паслуг. Нягледзячы на скарачэнне фінансавання, на дадзены момант уведзена ў эксплуатацыю 270 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля — гадавое заданне выканана на 44%.

Па тэмпах росту ўнутранага рэгіянальнага прадукта павінны выйсці на 100% дзесьці пасля сямі месяцаў работы.

Эканоміка вобласці працуе. За студзень-красавік бюджэт мае прафіцыт (перавышэнне даходаў над расходамі) у 570 мільярдаў рублёў. Бо выраблены прадукт не кладзецца на склад, а своечасова рэалізуецца.

Што датычыць журналістыкі, то ніхто не супраць канструктыўнай крытыкі. Але заклікі да таго, каб усё бачыць у чорным колеры, на думку К.А.Сумара, сведчаць аб дэструктыўных з`явах. Зараз грамадства патрабуе «поўнакаляровага» адлюстравання таго, што адбываецца ў нашым жыцці.

Ва ўладзе таксама працуюць звычайныя людзі, і яны таксама могуць памыляцца. А журналіст не павінен баяцца паказваць гэтыя памылкі і недапрацоўкі. Але трэба паказваць і станоўчыя моманты ў дзеяннях улады.

У Год кнігі сярод іншага трэба імкнуцца да захавання ўнікальных мясцовых гаворак, дыялектаў. І ў гэтым важную ролю адыгрывае прэса.

Па выніках разгляду конкурсных работ дыпломы і грашовыя прэміі ўручаны 35 прасдстаўнікам СМІ у калектыўных і персанальных намінацыях.

Госці мерапрыемства наведалі музей Белавежскай пушчы, вальеры, прынялі ўдзел у прыёме і паслухалі выступленні самадзейных артыстаў.