Насельнікі Белавежскай пушчы

Насельнікі Белавежскай пушчы

Тым, хто яшчэ не пабываў у гэтым запаведным месцы, раю абавязкова знайсці час і пазнаёміцца з непаўторным раслінным і жывёльным светам цудоўнага куточка не толькі Брэстчыны, але і ўсёй Беларусі.

Але напачатку зазірніце ў музей. Тут сабрана амаль уся гісторыя пушчы, зроблены чучалы многіх і многіх звяроў, птушак, іншых жывёл.

На ўваходзе вас сустракае самы першы зубр, які быў завезены з яшчэ чатырма сабратамі пасля Другой сусветнай вайны. Пры жыцці ён дасягнуў 2 метры ў вышыню і 3,5 метры ў даўжыню, а важыў больш як тону. Зараз на тэрыторыі беларускай часткі пушчы жыве 420 зуброў.

Касуля

У музеі нямала экспазіцый. Першая — гістарычная (дарэчы, пушча пачала засяляцца сем тысячагоддзяў назад). Затым расказваецца пра мядзведзяў, тарпанаў (зараз іх няма, але маецца тарпанападобны конь), тураў і пра паляванне на іх, пра старажытны палац, які быў моцна пашкоджаны, а затым апынуўся на польскім баку мяжы і быў знішчаны, пра жыццё жывёл у зімовы перыяд, пра дзікоў, барсукоў, рысяў, аленяў, ласёў, выдраў, баброў, касуль, ваўкоў, глухароў, арлана белахвостага (якога ў пушчы ўсяго 5 пар), аленяў (самец-алень у пачатку сакавіка кожнага года скідвае адзіночныя рогі, а потым вырастаюць новыя, галінастыя), пра здабычу мёду і пра многае іншае.

Знакамітыя белавежскія зубры

З дапамогай гіда можна даведацца шмат аб чым цікавым і павучальным.

Потым накіруйцеся да вальераў, дзе ўжывую ўбачыце многіх насельнікаў пушчы, аб якіх расказвалася ў музеі. Гэта (на здымках) і касулі, і страусы, і зубры, і тарпанападобныя коні, і ваўкі, і алені, і поні.

Поні