Летнія падарожжы: Мір

Мір — гарадскі пасёлак ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. У гістарычных крыніцах узгадваецца з 1395 года. Праз яго праходзілі гандлёвыя шляхі на Вільню, Мінск, Слонім, Навагрудак. У гістарычных крыніцах Мірскі замак згадваецца з 1527 года, а з пачатку XVII ст. ператвараецца ў фартэцыйна-палацавы комплекс. Рэстаўрацыя замка вялася з 1969 года, а ў 1994-м замак аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры.
Акрамя замкавага комплексу, прыцягваюць увагу турыстаў касцёл Святога Мікалая (адноўлены ў 1710 годзе), Свята-Троіцкая царква (XVI-XIX ст.), капліца-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх (1904 год) і найпрыгажэйшы помнік прыроды — пейзажны парк з вадаёмам.
Наведаць Мір цікава ў любую пару. З Лунінца зручней ехаць на аўтамабілі па аўтадарозе Р13 да Ганцавіч і Клецка, потым па Р12 да Нясвіжа, і затым па Р11 да Міра. Дарогі дагледжаныя, і двухгадзіннае падарожжа будзе прыемным, асабліва разам з сям’ёй альбо з сябрамі.