Свята ў Вязынцы

Да помніка паэту ўсклалі кветкі міністр культуры Павел Латушка, народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсянікаў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, вытворчых прад-прыемстваў і ўстаноў культуры.
Наведвальнікі Вязынкі добра ўспрынялі канцэртную праграму «Малюся я небу, зямлі і прасторы…», наведалі цікавыя экспазіцыі, кніжны кірмаш, пазнавальныя майстар-класы, маляўнічыя выставы. У рамках грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам» прагучалі творы песняра ў выкананні пераможцаў конкурсу чытальнікаў «З Купалам ў сэрцы». Таксама прайшла літаратурна-музычная праграма “Адгукніся, душа!..” А фіналісты конкурсу аўтарскай песні выканалі свае творы.
Шмат было сувенірнай і друкаванай прадукцыі народных майстроў. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча; артысты Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі; салісты Дзмітрый Качароўскі, Андрэй Усанаваў, Андрэй Скарынкін; фольк-медыагурт “Неруш” БДУ; лаўрэат міжнародных фестываляў фальклорны ансамбль “Грамніцы”, фальклорны калектыў “Талака” Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў; Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”…
На пляцоўцы каля свірна адбыліся літаратурна-музычная праграма, акцыя “Чытаем Купалу разам”, выступленні аматарскіх фальклорных калектываў Мінска і Маладзечанскага раёна.
Усе ахвотныя наведалі экспазіцыю Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”, майстар-класы па ткацтве, вышыўцы, бісерапляценні, кавальстве, па вырабе рэчаў з воўны і лялек-абярэгаў на кірмашы майстроў народных рамёстваў, кніжны кірмаш, выставы дзіцячага малюнка, мадэляў самалётаў удзельнікаў конкурсу паводле верша “Хлопчык і лётчык”.