“Слодыч родных слоў…”

“Слодыч родных слоў…”

26 июля 2012, 13:00
1330
У Лунінцы адбылася сустрэча журналістаў нашай газеты, мясцовых літаратараў і аматараў прыгожага пісьменства з іх баранавіцкімі калегамі.

Раіса Міхайлаўна Раманчук сёлета адзначыла ў Барана-вічах свой юбілей, на які завіталі калегі-паэты і з іншых рэгіёнаў Беларусі. Нарадзілася яна ў Карэліцкім раёне, скончыла сярэднюю школу ў вёсцы Варонча, потым — кулінарнае вучылішча, тэхнікум лёгкай прамысловасці. З 1978 года працавала тэкстыльшчыцай на Баранавіцкім баваўняным аб’яднанні. Выгадавала трох дзяцей, мае чатырох унукаў. Не адно дзесяцігоддзе піша вершы, у 2003 годзе выдала зборнік “Сцежка ў дзяцінства”. Лунінчанам Раіса Раманчук не толькі чытала ўласныя вершы, але і выканала некалькі песень. А напрыканцы сустрэчы агучыла толькі што складзены верш-экспромт:

Мне лёс даў шанс і ашчаслівіў,

Падараваў столькі сяброў.

Я ў Лунінцы! Цячэ імкліва

Гаворка — слодыч родных слоў.

Тут вершы хораша пяюцца —

Надпрыпяцкі бусліны рай.

Рукой сяброў занатаваны

Чароўны наш палескі край.

Вам дзякую за запрашэнне —

Я нібы ў казцы тут жыву.

Ад усёй душы вам шчыры дзякуй,

Я вас усім сэрцам усіх люблю.

Людміла Аркадзьеўна Шувалава нарадзілася ў горадзе Котлас Архангельскай вобласці. Бацька яе — беларус з Баранавіч, а жыццё самой Людмілы аказалася звязаным як з Беларуссю, так і з Поўначчу. Амаль 40 гадоў працавала на розных пасадах у бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Зараз кіруе літаратурным клубам “Ліра” пры Баранавіцкім Доме культуры. Піша вершы для дарослых і дзяцей, друкуецца ў альманахах, зборніках, аўтар тэкстаў больш як 20 песень. Здымалася ў творчых праграмах тэлебачання ў Котласе… Як і ў Р.М.Раманчук, выступ яе ў Лунінцы быў артыстычным і ўзнёслым.

Імя Міхася Міхайлавіча Маліноўскага, вядомага баранавіцкага літаратара і краязнаўцы, аўтара 15 кніг і соцень публікацый, адстаўнога вайскоўца, выдатніка друку Беларусі і правадзейнага сябра Геаграфічнага таварыства, вядома пастаянным чытачам нашай газеты, у тым ліку па надрукаваных у “ИП” віктарынах на прызы М.Маліноўскага. У час сустрэчы госць не толькі чытаў свае творы, але і правёў чарговую віктарыну з прысутнымі, шчодра адзначыўшы пераможцаў уласнымі кнігамі.

Лунінецкія аўтары таксама не засталіся пасіўнымі назіральнікамі. З расповедамі пра сваю творчасць, вершамі і прозай выступілі Сцяпан Нефідовіч, Васіль Туміловіч, Мікола Ільючык, Людміла Хмялеўская, Віктар Пінігін, Аляксандр Хаўдзееў, Віктар Філатаў… Госці Лунінца наведалі раённы музей, бібліятэку (якой пакінулі ў падарунак свае кнігі), прайшліся па гістарычным цэнтры нашага горада.