“Высакосны год — год нягод”, —

“Высакосны год — год нягод”, —

26 июля 2012, 13:00
1419
так спрадвеку гаварылі ў народзе. Людзі прыкмячалі, што ў цыкле адліку гадоў кожны чацвёрты, а дакладней, высакосны, з’яўляецца неспрыяльным для сельскай гаспадаркі, ды і ў стане прыроды - таксама. Сёлетні год - не выключэнне.

“Высакос — бяры шубу на пакос”, — зноў-такі з народнага. І сапраўды, успомнім: у гэтым годзе ўся вясна была халоднай, і ў час сенакосу ў маі і ў першай палове чэрвеня веяла халадамі, што вельмі адмоўна паўплывала на рост траў і агародных культур.

“Гром на голы лес — прадвеснік прыродных катаклізмаў і голаду”. Сёлета ранняй вясной (на лес без лісця) прагрымеў не проста гром, а з навальніцай. Голаду быццам і не павінна быць, бо на палетках каласавыя радуюць багатым ураджаем. Але ці ўдасца ўсё сабраць? Нядаўнія дажджы прытапілі нізкія месцы вадой. Шмат дзе пашкоджаны бульбяныя ўчасткі.

Ранняй вясной многія вяскоўцы цікавіліся, якім бу-дзе лета, сачылі за самай папулярнай прыкметай: калі лісцікі першай распусціць вольха — мокрае, халоднае, а раскрые бяроза — сухое, гарачае. Аказалася, што вольха і бяроза распусціліся адначасова; у адзін перыяд гэтай вясной зацвілі і ўсе садовыя дрэвы, нават бэз і чаромха. Гэта сведчыць, што ўсё лета будуць чаргавацца дажджы з пагоднымі днямі.

Назіральныя людзі прыкмецілі: кожны з 12 дзён ад 26 снежня да 6 студзеня (ад каталіцкага Ражаства да праваслаўнага) вызначае надвор’е кожнага месяца надыходзячага года. Напрыклад, якое надвор’е 26 снежня, такое будзе ў студзені, 27-га — у лютым і г.д. З сёлетніх прыкмет вынікае: жнівень будзе цёплы і сухі (спрыяльны для жніва), восень — мокрай, а маразы пачнуцца ў снежні.

Пажывяце — праверце. Калі спраўдзіцца — і вы паверыце ў прыкметы.