Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе

Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе

27 июля 2012, 08:44
Автор:
1913
Частка 2

Лунінецкія краязнаўцы штогод прымаюць актыўны ўдзел ў навуковых форумах рознага ўзроўню. Даклады В.Туміловіча, В.Жылко, Л.Коласава прагучалі ў 1999 годзе ў Пінску і Іванаве на міжнароднай канферэнцыі «Палессе — скрыжаванне культур і часу», былі змешчаны ў зборніку «Загароддзе-2». В.Туміловіч у 1998-2002 гг. прымаў удзел у V-VІІI Свята-Еўфрасіннеўскіх чытаннях у Мінску з дакладамі аб пісьменніцы С.Прорвіч і рэнесансных з’явах заходнебеларускай праваслаўнай літаратуры, друкаваўся ў зборніку матэрыялаў V чытанняў, у выданні «Магілёўская даўніна» (1998 г.). У 2001 г. у Мінску на міжнароднай канферэнцыі «22 чэрвеня 1941 г. — пачатак савецка-германскай вайны: стан і праблемы ў беларускай і замежнай гістарыяграфіі» быў зроблены даклад В.Жылко і В.Туміловіча «Лунінеччына паміж адступленнем савецкіх войск і нямецкай акупацыяй: крызіс улады і пачатак калабаранцкіх настрояў.» У гэтым жа годзе на міжнароднай канферэнцыі па захаванню гістарычных паркаў і ландшафтаў «Палацава-паркавае мастацтва Брэстчыны» зроблены даклады В.Жылко «Гістарычныя ландшафты Лунінца ў сваім развіцці» і В.Туміловіча «Фарміраванне і сучасны стан гістарычнага ландшафту Кажан-Гарадка». В.Жылко удзельнічаў у міжнароднай канферэнцыі «Гісторыя, якой няма у падручніках», рэспубліканскай канферэнцыі «Праблемы і шляхі іх вырашэння па захаванню гістарычных цэнтраў гарадоў Беларусі» (Мінск, 2002), рэспубліканскай канферэнцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў «Навекі ў памяці народнай» (2004). Яго даклады змешчаны ў зборніках «Каштоўнасці мінуўшчыны». У 2008 годзе В.Жылко і В.Туміловіч выступілі з дакладамі аб гісторыі бібліятэк і кніжнай справы на Лунінеччыне на міжнароднай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы” ў Берасці. Іх сумесны даклад меў назву “Бібліятэкі на Лунінеччыне ад узнікнення (XVI ст.) да 1940-х гадоў”, асобны даклад В.Туміловіча — “Развитие библиотек и контроль государства за распространением периодических изданий в Лунинецком повете в 1921-39 годах”.

Да заслуг мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў можна аднесці праведзеныя ў 2001-2006 і 2009-2011 гадах на базе раённага музея Лунінецкія краязнаўчыя чытанні (з удзелам пераважна краязнаўцаў). Праходзілі яны фактычна на грамадскіх пачатках. Таксама фактычна на грамадскіх пачатках, так бы мовіць, «самвыдатам» выдадзены зборнікі дакладаў чытанняў — «Лунінецкія сшыткі». Дарэчы, туды былі ўключаны і даклады, выступленні лунінецкіх аўтараў на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, паколькі, на жаль, не заўсёды выдаюцца зборнікі такіх канферэнцый. Наклад «Сшыткаў» — 100 асобнікаў.

Такім жа, хоць і невялікім, накладам у 2002 годзе была выдадзена (на гэты раз — з дапамогай раённага аддзела культуры) ілюстраваная каляровая брашура «Памятники земли лунинецкой», дзе сістэматызаваны звесткі аб помніках і гістарычных мясцінах края, змешчаны шэраг даведачных матэрыялаў. Трэба дадаць, што ў Лунінецкім раёне намаганнямі краязнаўцаў і музея, творчага клуба «Муза» выдадзены некалькі дзесяткаў брашур па краязнаўству, фальклору, літаратурнай творчасці лунінчан і г.д.

Творчы клуб “Муза” ў 2001 годзе выдаў брашуры В.Туміловіча «Возрождение забытого имени. Жизнь и деятельность Софии Прорвич…» і «Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель», брашуру «Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці». У 2003 годзе убачыла свет кніга Васіля Туміловіча «З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка». Гэтай працай В.Туміловіч падоўжыў сваю папярэднюю брашуру аб тапаніміцы Кажан-Гарадка і яго наваколляў (Лунінец, 2001). Ім была выдадзена і грунтоўная кніга аб гісторыі гэтага старажытнага мястэчка — «Кажан-Гарадок 500-гадовы. Гістарычныя даследванні» (Лунінец, 2005). Паралельна Васіль Мікалаевіч не спыняў намаганняў па аднаўленню творчай спадчыны лунінецкай праваслаўнай пісьменніцы 1920-30-х гадоў Софіі Прорвіч (яе біяграфія выйшла ў Лунінцы ў 2001 годзе). І вось у пачатку 2004 года Беларускі Экзархат выдаў у Мінску чатырохтысячным тыражом зборнік С.Прорвіч «Любили отцы наши Бога»: на 130 старонках пад каляровай вокладкай сабраны 15 апавяданняў і 30 вершаў пісьменніцы. В.Туміловіч не толькі сабраў іх, але і напісаў прадмову і каментарыі.

У 2003 годзе у Лунінцы была выдадзена брашура Льва Коласава «Вымершие и умирающие профессии» (на аснове ранейшага цыклу нарысаў ў газеце «Лунінецкія навіны»). У той жа газеце аўтар змясціў іншыя цыклы нарысаў — па перыяду акупацыі, пасляваенных гадах, гісторыі мясцовага спорту, па сялянскіх хваляваннях XIX-XX ст.

Згадаем і выхад брашуры Ларысы Панасюк «Чырвоны сшытак Лунінецкага раёна» (Пінск, 2002), якая працягвае тэму, распачатую брашурай Івана Панасюка «Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна» (Лунінец, 2000 г.) і інш. Пад адной вокладкай і большым тыражом выдалі ў Мінску свае ранейшыя працы Ларыса і Іван Панасюкі — «Лунінецкі раён: Чырвоны сшытак. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі».