На сустрэчу з Паўлінкай

На сустрэчу з Паўлінкай

02 августа 2012, 13:00
726
Чытач, напэўна, падумаў, гледзячы на загаловак, што буду пісаць нешта пра Купалаўскую Паўлінку. Ёсць і нагода: 130-гадовы юбілей песняра і 100 гадоў самой “Паўлінцы”.

Паўлінка, пра якую буду ўзгадваць, — маленькая гарэза чатырох гадоў. Дзяўчынка з сям’і Таццяны і Аляксандра Кавалевічаў з Багданаўкі. Сям’я гэтая шматдзетная і таму вельмі дружная. Старэйшая дачка Маргарыта — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Раман — абітурыент, сёлета скончыў сярэднюю школу. Аляксандра таксама амаль дарослая — пойдзе ў трэці клас. Віталіку 6 гадоў. З Паўлінкаю мы ўжо знаёмыя, дадам толькі, што дзяўчынка наведвае дзіцячы сад. А самы маленькі — Міколка, двухгадовае хлапчанё, якога ўсе вельмі шкадуюць і песцяць. І завуць яго ўсе менавіта толькі так — памяншальна, ласкава. Гле-дзячы на яго, разумееш, што па-іншаму і нельга.

Уся сям’я, акрамя Маргарыты (яна ў Мінску), у зборы. Хочацца задаць пытанні, проста паразмаўляць. Але не ўсё так проста. У меншых дзяцей з’явіліся нейкія тэрміновыя справы. Выручае фотаапарат. Раблю некалькі здымкаў. Дзеці зацікаўлены — і нарэшце ўся сям’я размешчана на вя-лікай канапе. Карыстаючыся момантам, раблю агульны здымак. Пачынаем размову, разважаем, абмяркоўваем. Хочацца засяродзіць увагу на нейкіх праблемах сучаснай шматдзетнай сям’і. Пытаюся, у першую чаргу, пра цяжкасці.

— Цяжкасцей хапае, — адказвае бацька, — само жыццё цяжкае, не ўсё так проста.

Ад сябе дадам: Аляксандр Аляксандравіч не працуе, бо аформлены па дагляду за хворым сынам Віталікам. Але трымае гаспадарку, дзе таксама шмат клопату, і, каб нешта атрымалася, трэба добра папрацаваць.

— А цяпер пра радасці. Што радуе ў гэтым супярэчлівым і няпростым жыцці?

Мама Таццяна Васільеўна на імгненне задумалася і прамовіла:

— Галоўная радасць — гэта, пэўна ж, дзеці. Яны ўсе жаданыя, і калі нараджаліся, то ўжо радавалі нас. Рыта — першае дзіця, якога заўсёды з нецярпеннем чакаюць. Рома — першы хлопчык, апора і дапамога. Аляксандра парадавала сваім нараджэннем, бо нарадзілася неўзабаве пасля таго, як у сям’ю прыйшло гора — памёр маленькі Давід. Потым нарадзіўся Віталь, але ён хворы, яго ўсе шкадуюць. Ён згуртоўвае ўсіх нас. А як могуць не радаваць гэтыя малыя? — матуля ледзьве ўтрымлівае ў руках спрытнага Міколку, а потым кліча да сябе Паўлінку. Бялявае дзяўчо глядзіць на прысутных разумнымі вачанятамі і мурлыкае нешта сабе пад нос.

— Напэўна ж, спявае. Мама любіць спяваць, то і дзеці пявучыя, — адзначаю я. — А хто дапамагае вам прайсці праз цяжкасці, вырашаць праблемы?

— Канешне ж, дапамога ідзе ад Бога і ад добрых людзей, якіх жа зноў пасылае Ён, — адзначае Таццяна Васільеўна.

— А калі пра кожнага з дзяцей адным словам, то што маглі б сказаць?

Матуля ўсміхаецца, і я разумею, што будзе гаварыць менавіта яна:

— Маргарыта — лідэр (як старэйшая, у сям’і камандуе меншымі), Рома — арыгінал, Віталь — ціхмянасць, Аляксандра — творчая асоба, Паўлінка — фантазёрка, Міколка — жвавасць.

— А што найбольш хвалюе, што трывожыць бацькоўскае сэрца?

— І зноў жа дзеці: як вырашыцца іх лёс, што чакае ў жыцці, — адказвае тата.

— Сэрца непакоіць хворы сын, — дадае матуля, — яму б медычнае абследаванне добрае зрабіць, ды нешта марудзіцца ўсё. То тое не гэтак, то гэтае… З медыцынай часцей нейкія непаразуменні паўстаюць. Далі групу інваліднасці ды і адчапіліся. Прапаноўвалі некалькі разоў аддаць хлопчыка ў інтэрнат. Каму ж я аддам свайго сыночка?

 Па інтанацыі я зразумеў, як цяжка матулі гаварыць пра гэта. Але вырашыў усё ж спытацца пра набалелае:

— А што з ім здарылася? Які дыягназ?

— Віталік нарадзіўся з парокам сэрца. Перанёс дзве вельмі складаныя аперацыі. А з чатырохмесячнага ўзросту яшчэ дадаўся і набыты дзіцячы цэрабральны паралюш. Да ўсяго, хлопчык яшчэ і глухі.

— Як з жыллём, не цесна вам усім у гэтай хаце? — пытаюся ў гаспадара.

— Не скажу, што цесна, але хацелася б нейкіх лепшых умоў для дзяцей. Як шматдзетнай сям’і, нам выдзелена сядзіба пад будаўніцтва новага дома. Але ўсё спынілася на гэтай стадыі недзе ў бюракратычных калідорах. Спадзяемся, што справа скранецца з месца.

 Развітваюся з прыязнымі і светлымі людзьмі. Жадаю ім усяго толькі самага добрага,  больш радасці ў жыцці і здзяйснення задуманага.

Міколка радасна махае мне на развітанне ручкай. Паўлінка ж правяла мяне да самай брамкі…