Красуе жнівень

Ясны, гарачы жнівень — жаданы час для хлебаробаў. І хараство гэтай пары — спелыя нівы, дзе, як караблі, плывуць камбайны, а на зжатых палях пожня ды салома.
Але значна больш красы на лугах і сенажацях: тут паспелі адрасці травы, гатовыя да другога ўкосу. Сакавітыя, усеяныя квеценню. Цешаць вока кутасікі чырвонай і белай канюшыны і кветкі дуброўкі і званца, ястрабінкі і лаганца.
Жнівеньскія кветкі — добры ўзятак для пчол і важны выбар для нарыхтоўшчыкаў лекавых траў.
Некасі і пусткі застаўлены свяцільнікамі залацістых піжмаў: на доўгіх сцяблінах гараць скучаныя карзінкі кветак. За сівымі кусцікамі палыну раскінуліся бела-ружовыя лейкі бярозкі (уюнка), а далей, у курцінах злакаў, разбегліся наўгад ружовыя каростаўнікі і ліловыя лугавыя васількі. Набраў мяцёлку і растапырваецца сумнік — жнівеньская кветка. Спякотным поўднем дыша ўсё буйнатраўе, што абсыпала прасёлкі і насыпы. Яшчэ не выгаралі грудкі і сухадолы — іх жывяць нярэдкія дажджы.
Жнівень не бывае без навальніц. Наплывуць слаістыя воблакі, пераклубяцца, згусцеюць — і пачынаецца грымота. Нагрыміць, наляскае, вылье патокі дажджу, змочыць зямлю, налье лужын, і пасунецца хмара далей. Дажджоў з навальніцамі працяглых не бывае. Зноў засвеціць сонца, дыхне гарачынёй. Зяніт цяпла.