Азёры…

Азёры…

16 августа 2012, 15:00
996
Жыццёвыя дарогі 70 з лішкам гадоў вадзілі мяне па родным краі і замежжы.

З убачанага найбольшае ўражанне пакінулі гарады і, як ні дзіўна, азёры. Кожнае возера мае сваю адметнасць. Не толькі вялікія — Свіцязь на Гродзеншыне, Лосвіда на Віцебшчыне, Чырвонае на Гомельшчыне, — але і малыя. Рознае іх месца размяшчэння, у розным пейзажным акружэнні, з розным раслінным светам. Але ёсць адно агульнае — ночы, вечары і ранкі маюць падабенства.

Вечар на возеры

Азёрная вада ўвачавідкі цямнела, на ёй пачалі з`яўляцца жоўтыя крапінкі — адбіткі зорнага неба. Зялёная прыбярэжная паласа трыснягу, што акаймавала возера справа, стала чорнай, а далей яна злівалася з берагам, з прыазёрнымі кустамі і згубілася ў суцэльнай цёмнай масе. Але там пульсавала жыццё: у прыбярэжнай траве наперабой скрыпела некалькі драчоў, імкнучыся перакрычаць адзін аднаго, а з трыснягу нёсся бязладны жабіны хор.

Злева ад мяне частка возера яшчэ свяцілася водсветам затухаўшай зары. На фоне глянцавага бляску — грэбень лесу, а над ім — луста маладзіка. Яго залатая дуга адлюстравалася на паверхні возера, і здавалася, на вадзе гарыць лямпачка. Чым больш тускнеў заравы водсвет, тым ярчэй было яе свячэнне.

Месяц паволі апускаўся да гарызонта — вялічыўся і яго адбітак на вадзе, ад якога пачала слацца залацістая дарожка. Так было, пакуль маладзічок не знік за цёмнай грабёнкай лесу.

Знік месяц — патухла «лямпачка» на вадзе, прапала вячэрняя азёрная краса.

Ружовая раніца

Толькі-толькі пачынала світаць. Ад вады цягнула вільгаццю і пахла рыбай.

Нізам, па самой вадзе, поўз сівы туман. Ён кучаравіўся, клубіўся, хаваўся ў прыбярэжныя чароты, запаўзаў пад кусты лазы, што навіслі над вадой. У прамежках між клубоў туману прасвечвалася сінеча вады, гладкая, бліскучая. Паступова святлела неба, стана-вілася блакітна-сінім, а разам з ім — і вада.

Праз лічаныя хвіліны неба пачало поўніцца чырванню, чырвань разлілася на ўвесь усход. І раптам пырснула агнём — з-за гарызонта выкочвалася сонца, вялікае, чыстае. І ўсё наваколле, асабліва паверхня вады, зрабілася ружовым.

Над вадой з`явіліся чайкі. Адны садзіліся на ваду і плавалі, другія падалі, відаць, лавілі рыбак, трэція лёталі з моцнымі крыкамі, быццам віталі прыход новага дня.