Пра Дуніна-Марцінкевіча

Пра Дуніна-Марцінкевіча

Неяк, падарожнічаючы з сябрам на аўтамабілі з Мінскай у Гродзенскую вобласць, спыніліся на ўзбоччы дарогі паблізу Івянца. Сябар са сталіцы прапанаваў мне, выхадцу з Пінскага Палесся, наведаць магілу аўтара знакамітай “Пінскай шляхты”.

Сапраўды, як можна было праехаць міма?! Узгадаліся звесткі са школьнай праграмы. Іх даволі шмат, і мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вера Васільеўна можа ганарыцца, што я дагэтуль іх памятаю, а тая пяцёрка, што яна паставіла мне ў атэстат, была сапраўды заслужанай.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся ў 1807 годзе ў фальварку Панюшкавічы ля Бабруйска. У гэтым горадзе скончыў школу, а потым медыцынскі факультэт Пецярбургскага (па іншых звестках, Віленскага) універсітэта. Працаваў перакладчыкам, і не толькі. У 1840 годзе набыў фальварак Люцынка ля Івянца, у якім жыў да скону дзён. З сярэдзіны 1840-х гадоў шмат часу прводзіў у Мінску, дзе быў актыўным удзельнікам грамадскага і культурнага жыцця. Удзельнік паўстання 1863-64 г.г., за што трапіў у турму, а потым  ўсё астатняе жыццё прабыў у сваім фальварку пад наглядам паліцыі. Нягледзячы на гэтыя непрыемныя абставіны, адчыніў школу для мясцовых дзетак, разам з імі ставіў спектаклі, да кожнага свята пісаў новую п’есу.  Дунін-Марцінкевіч — аўтар оперных лібрэта “Рэкруцкі набор”, “Ідылія”, “Спаборніцтва музыкаў”,  паэм “Купала”  і “Гапон”, вершаваных аповесцяў “Вечарніцы”, “Шчараўскія дажынкі”, камедый “Сватаўство”, “Пінская шляхта” ды інш. Памёр у 1884 годзе і пахаваны на тых самых могілках, дзе мы прыпыніліся. Гэта побач з вёскай Тупольшчына Валожынскага раёна.

Дарэчы, на доме №2/2 па вул. Дуніна-Марцінкевіча ў Мінску замацавана мемарыяльная дошка, на якой маецца адпаведны надпіс: «Гэта вулiца носiць iмя аднаго з пачы-нальнiкаў беларускай лiтара-туры Дунiна-Марцiнкевiча В.I. /1807-1884/».

Імкнучыся да нябёсаў...