Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе

Лунінеччына ў краязнаўчым працэсе

17 августа 2012, 09:25
Автор:
2675
Частка 3

Частка 2

У 2005 годзе ў Лунінцы ўбачыла свет кніга Ларысы Грамыка «У родных истоков». З удзелам Вадзіма Жылко выдадзены ілюстраваныя брашуры «Родная моя Лунинетчина» і «Локомотивное депо Лунинец: 120 лет (1885-2005)».

У 2006 года ў Лунінецкім ліцэі адбыўся раённы семінар на тэму “Грамадзянскае выхаванне праз краязнаўства”. У тым жа годзе выйшлі два нумары «Лунінецкага сшытка» — пяты і шосты, два яго спецвыпускі (першы — прысвечаны краязнаўчаму семінару на базе ліцэя, другі — з распрацаванай праграмай школьнага спецкурсу «Лунінеччыназнаўства»). Згаданы спецкурс прэзентаваны аўтарамі на канферэнцыі ў БДПУ імя М.Танка і выкладаецца у навучальных установах Лунінеччыны. Гэтая праграма змешчана і ў выдадзеным БДПУ зборніку «Краязнаўчая адукацыя і грамадзянскае выхаванне», дзе лунінецкія краязнаўцы згадваюцца таксама ў дакладзе Алеся Лозкі.

У Мінску быў выдадзены краязнаўчы зборнік «Лунінецкая памяць» (укладальнік Таццяна Канапацкая) — па матэрыялах канферэнцыі 2005 года памяці М.Калінковіча ў Лунінцы. Іван Панасюк выдаў кнігу «Велута. Артыкулы, нарысы, эцюды» — грунтоўнае даследванне гісторыі аднайменнай вёскі. Урывак з кнігі змясціла “Краязнаўчая газета”, дзе друкаваліся таксама і матэрыялы В.Туміловіча з кнігі “Кажан-Гарадок пяцісотгадовы”.

У тым жа годзе адбыліся трэція чытанні «Лунінская восень», прысвечаныя святару і філолагу Платону Ціхановічу (аб якім ўраджэнец Луніна Мікола Елянеўскі, пінскі журналіст і літаратар, напісаў аповесць “Час святара” і сцэнар відэафільма).У МІкашэвіцкай гімназіі прайшлі традыцыйныя мерапрыемствы ў гонар Уладзіслава Нядзведскага з запрашэннем сталічных літаратараў. Раённы музей наладзіў для школьнікаў гісторыка-краязнаўчую экспедыцыю «Памятныя мясціны Лунінеччыны».

У 2007 годзе Брэсцкае тэлебачанне (праграма “Край”) зняло фільм пра лунінецкіх краязнаўцаў і выданне “Лунінецкія сшыткі”. У гэтым жа годзе убачылі свет кніга Івана і Ларысы Панасюкоў, Уладзіміра Яраховіча “Палессе маё Лунінецкае” — аб прыродзе нашага раёна, другі зборнік “Лунінецкая памяць” (укладальнік Таццяна Канапацкая). Звязаныя з нашым краям матэрыялы змешчаны  ў брашуры Віктара і Марыі Дземянчыкаў “Полесская робинзонада. Экспедиционная полевая практика по экологическому краеведению” (Брэст, 2007). Мінскае выдавецтва “Рыфтур” (дырэктар Сяргей Плыткевіч) выпусціла ілюстраваны буклет “Лунинецкий район”. Навучэнка прафесійнага ліцэя Кацярына Смалякова (кіраўнік Алена Ціхамірава) стала фіналісткай конкурса Саюзнай дзяржавы ў Полацку, прысвяціўшы сваю работу былому выкладчыку Лунінецкага рэальнага вучылішча, літаратару Мікалаю Пятровічу Анцукевічу. У часопісе “Маладосць” №12/2007 быў змешчаны нарыс аб літаратарах, звязаных з Лунінеччынай. Адзін з яго аўтараў, вядомы беларускі навуковец Адам Мальдзіс, кансультаваўся ў лунінецкіх краязнаўцаў па дадзенай тэме.

У 2008 годзе творчы клуб “Муза” выдаў восьмы нумар “Лунінецкага сшытку” і спецвыпуск №3 з тэкстам экскурсіі студэнткі Вольгі Коласавай “По улицам родного города”, а таксама брашуру прафесара з Берасця Веры Зарэцкай (Ляшук) “Зарунела літаратурная ніва” — аб літаратурнай гісторыі рэгіёна. Гэты нарыс убачыў у канцы таго ж года свет у якасці аднаго з раздзелаў грунтоўнага выдання “Літаратурная карта Берасцейшчыны” (Брэст, 2008). На выданні клуба “Муза” станоўча адгукнуліся “Краязнаўчая газета”, “Літаратура і мастцатва”. У Мінску выйшаў трэці выпуск кнігі “Лунінецкая памяць”, поўнасцю прысвечаны вёсцы Бастынь (укладальнік Т.Канапацкая).

У “Краязнаўчай газеце” (сакавік 2008 года) быў надрукаваны артыкул Вадзіма Жылко аб гісторыі і сённяшнім дні краязнаўства на Лунінеччыне. Першы ў 2008 годзе нумар часопіса “Гістарычная брама” (Пінск) змясціў архіў вядомага лінгвіста Вячаслава Вярэніча, дзе ёсць шмат і “лунінецкіх старонак” (а праз пэўны час ГА “Загароддзе” выдала “Палескі архіў” В.Вярэніча асобнай кнігай). Артыкулы пра Ул.Нядзведскага былі надрукаваны ў газетах “Літаратура і мастацтва”, “Краязнаўчая газета”, часопісе “Бібліятэка прапануе”. Леў Коласаў змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі беларускай пошты ў выданнях Польшчы, Германіі, беларускім часопісе “Веснік сувязі”.

Восенню 2008 года лунінецкія краязнаўцы ўдзельнічалі ў міжнароднай канферэнцыі ў Брэсце “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання” — прагучалі даклады “Бібліятэкі на Лунінеччыне ад узнікнення (XVI ст.) да 1940-х гадоў” Вадзіма Жылко і Васіля Туміловіча і “Развитие библиотек и контроль государства за распространением печатных изданий в Лунинецком повете в 1921-39 годах” Васіля Туміловіча. У 2009 годзе абодва даклады былі змешчаны ў выдадзеных лунінецкай раённай бібліятэкай “Нарысах гісторыі бібліятэк Лунінеччыны”.