Клецк старажытны

Клецк старажытны

Райцэнтр у Мінскай вобласці. Размешчаны на рацэ Лань.  Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы-Асіповічы. Аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Нясвіжам, Слуцкам.

Горад надзвычай багаты на гістарычныя падзеі. Упершыню ўзгадваецца ў летапісах у 1127 годзе як цэнтр удзельнага Клецкага княства. На месцы сучаснага Клецка з канца Х ст. існавала славянскае паселішча, якое адыгрывала ролю адміністрацыйнага цэнтра дрыгавіцкага насельніцтва  вярхоўяў Лані і Ушы.

З 1320-х г.г. горад знаходзіўся ў складзе ВКЛ. У 1503 г. спалены татарамі. 5 жніўня 1506 г. пад Клецкам войска ВКЛ на чале з М.Глінскім разбіла крымскіх татар. У выніку Клецкай бітвы было вызвалена каля 40 тысяч палонных.

У 1522-56 г.г. Клецк належаў Боне Сфорца. А з 1558 г. перайшоў ва ўласнасць Радзівілаў. У тыя часы ў кальвініцкім зборы Клецка прапаведнікам быў гуманіст і асветнік Сымон Будны.

Тыповая драўляная забудова Клецка

У 1652 г. горад атрымаў магдэбургскае права і герб — на блакітным полі карона, пад ёй паляўнічы рог.

У вайне Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-67) горад захоплены і разбураны рускімі войскамі. У вайну 1812 года акупіраваны войскамі Напалеона. З 1921 г. Клецк у складзе Польшчы. У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 акупіраваны гітлераўцамі.

Белы дом - як і ўсюды

Дзейнічае гісторыка-этнаграфічны музей, ёсць помнікі  на месцы Клецкай бітвы, у гонар 870-годдзя горада ды іншыя. Помнікі архітэктуры: млын (1920 г.), сінагога (канец ХІХ ст.), казармы (пачатак ХХ ст.), кляштар дамініканцаў і касцёл (1683 г.), шпіталь (1909 г.), Свята-Пакроўская царква (1876 г.), а таксама помнікі археалогіі: гарадзішча (ХI-ХIII ст.) і курганны могільнік.

Растуць пальмы ў Клецку. Гэтыя з пластыкавых бутэлек. Але чамусьці бананы на пальме