Подых даўніны

Подых даўніны

24 августа 2012, 11:00
1579
Нарубы. Гэты старажытны звычай убранства магіл можна і зараз пабачыць дзе-нідзе на вясковых могілках Пінскага і Лунінецкага раёнаў. Яшчэ першыя даследчыкі даўніны і этнографы звярталі на нарубы асаблівую ўвагу. Яны адзначалі, што такое надмагільнае ўбранства ёсць даніна традыцыі, што ідзе ажно з паганскіх, дахрысціянскіх часоў.

Замшэлыя калоды, старыя крыжы ствараюць таямнічы краявід. І ў чалавека, які ўпершыню сустракаецца з падобным відовішчам, узнікае пачуццё нейкай таямнічасці і нават страху. Даследчыкі Палесся адзначаюць, што падобны метад пахавання бярэ свой пачатак з паганства. Існуе паданне, што дуб, прыдавіўшы сабой магілу, не дае нябожчыку магчымасці вярнуцца з таго свету дамоў. Гэтая тэорыя мае права на існаванне. Яна на працягу доўгага часу пераходзіць з падручніка ў падручнік. Але ж так хавалі нябожчыкаў і ў адносна “маладых” паселішчах, якім толькі некалькі соцень гадоў. А хрысціянства з’явілася на Палессі больш чым тысячу гадоў таму.

Мяркую, што тут трэба шукаць карані не ў паганскіх традыцыях, а ў характары палешукоў. Прыродная кемлівасць, разважлівасць і розум падказвалі людзям, як лепш захаваць магілу блізкага, што пайшоў у іншы свет. Метал быў дарагі, бетону ніхто яшчэ не ведаў, купіць каменнае намагілле каштавала вялікіх грошай, а дубы — яны побач, амаль у кожным лесе. Дуб, як вядома, вельмі моцны і даўгавечны. У параўнанні з іншымі дрэвамі гэта найлепшы матэрыял для такога выкарыстання. Вось і рабілі нашы продкі нарубы і крыжы менавіта з дубу. Часта “калода” выбіралася такім чынам, каб у верхняй частцы знаходзіўся сук. Іншым разам да яго прымацоўвалася папярэчына, і такім чынам ствараўся крыж. Разам з нарубам вырабляўся і вялікі дубовы крыж. Ён ставіўся на магіле ў галавах.

Мінулі часы, з’явіліся новыя матэрыялы. Існуе шмат розных майстэрняў і фірм, што займаюцца помнікамі. Цяпер дуб не ўжываецца, бо ёсць бетон, граніт, прыродны і штучны камень ды іншыя матэрыялы. А што выкарыстоўваць для помніка, вырашае заказчык — залежна ад памераў кашалька і ўласных амбіцый.