Бяспамяцтва

Бяспамяцтва

31 августа 2012, 12:00
684
Мне на працягу жыцця не аднойчы даводзiлася быць у розных гарадах Украiны. I кожны раз брала зайздрасць: як украiнцы ўмеюць шанаваць гонар своёй нацыi!

Шануецца родная мова, а ў назвах вулiц i розных устаноў ушанавана памяць аб нацыянальных героях i дзеячах культуры i лiтаратуры. Параўнаем з сітуацыяй ў нашых гарадах (узяць хаця б Лунiнец i Мiкашэвiчы), i робiцца крыўдна i сорамна: нi назваў вулiц, нi шыльдаў, нi транспарантаў не ўбачыш на мове нацыi — усё па-руску. Ды i ў назвах вулiц больш фiгуруюць рускiя пiсьменнiкi, якiя (акрамя Блока) не тое што да Лунiнеччыны, але і наогул да Беларусi нiякага дачынення не маюць, i савецкiя дзеячы, што (акрамя Фрунзе) ужо выкраслены з гiсторыi i не ўпамiнаюцца ў школьных падручнiках. А дзе вулiца Янкi Купалы? А чаму б не даць вулiцам iмёны Караткевiча i народных пiсьменнiкаў Макаёнка, Шамякiна, Танка, якiя былi ў нашых мясцiнах?

Мне некалькi гадоў прыйшлося дабiвацца, каб Мiкашэвiцкi гарсавет надаў адной з вулiц iмя Коласа, якi быў там i зрабiў унёсак у пасляваеннае развіццё пасёлка.

Сёлета споўнiлася 100 гадоў з часу, калi Якуб Колас жыў у Лунiнцы. Тут ён настаўнiчаў, тут займаўся i лiтаратурнай дзейнасцю: напiсаны 2 апавяданнi, шэраг вершаў, пачатак паэмы “Сымон-музыка”.

Блізіцца вельмі значная дата — 130-годдзе з дня нараджэння народнага песняра. У 2005 годзе ў скверыку каля гасцініцы быў устаноўлены помнік пісьменніку. У сувязі з рамонтам гасцініцы яго кудысьці прыхавалі. Рамонт зацягнуўся, а помнік у забыцці. Чаму б не паставіць яго ў людным месцы, напрыклад, перад філіялам СШ №1 (насупраць гас-цініцы) або праз дарогу ад кінатэатра?